БЕЛ Ł РУС

Кіраўніка прадукту шматмільённага IT-стартапа асудзілі да калоніі за Гаюна

9.12.2025 / 13:58

Nashaniva.com

Юрый Храмееў працаваў у стартапе ActivePlatform. Але нядаўна яго асудзілі за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» і кінулі за краты.

Юрый Храмееў. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Юрый Храмееў нарадзіўся 5 ліпеня 1990 года. Ён скончыў Мінскі радыётэхнічны каледж у 2011 годзе. У 2016‑м атрымаў дыплом праграміста ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

У 2011 годзе Юрый уладкаваўся праграмістам у кампанію XB Software, пазней працаваў у ActiveCloud. А з 2014 года перайшоў у стартап ActivePlatform, дзе прайшоў шлях ад распрацоўшчыка да бізнэс-аналітыка і кіраўніка прадукту — чалавека, які вырашае, што менавіта будзе рабіць каманда.

Кампанія спецыялізуецца на платформах для кіравання воблачнымі сэрвісамі і працуе на міжнародным рынку. З адкрытай інфармацыі пра кампанію вядома, што яе рашэнні выкарыстоўваюцца для аўтаматызацыі білінгу, каталога сэрвісаў і кіравання выдаткамі на воблака. Яе штогадовая выручка — $18,5 мільёна, паводле звестках партала RocketReach.

Храмееў займаўся развіццём вэб-платформы ActivePlatform, якая дазваляе аператарам, інтэгратарам і IT-кампаніям прадаваць і кіраваць воблачнымі паслугамі.

Юрый Храмееў. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Па-за працай Юрый любіць падарожнічаць. У сацсетках ён посціў фота з актыўнага адпачынку ў гарах і паездак у розныя гарады.

Невядома, калі яго затрымалі. Але сацсеткі Храмеева выдаленыя, а ў тэлеграме ён быў анлайн «вельмі даўно».

Юрыя судзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса Беларусі — «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Падобна, што пераслед звязаны са справай Гаюна.

Пасля падзей 2020 года Беларусь страціла тысячы IT-спецыялістаў, якія з'ехалі праз палітычны пераслед, пагрозу завядзення крымінальных справаў і ціск на сферу. Праваабаронцы неаднаразова адзначалі, што крымінальны пераслед выкарыстоўваецца для запалохвання бізнэсу і прафесіяналаў за нелаяльнасць або падтрымку зменаў у краіне.

Чытайце таксама:

Фізік з Акадэміі навук пераехаў на працу ў Польшчу. Падчас візіту ў Беларусь яго арыштавалі за палітыку і кінулі ў калонію

Якія прысуды даюць па справе Гаюна?

Каардынатара пошукавага атрада «Анёл» пасадзілі за палітыку

Каментары да артыкула