БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка пра паветраныя шары з Беларусі: Я размаўляў з лётчыкамі, для самалётаў ніякай праблемы няма

9.12.2025 / 12:27

Nashaniva.com

На пасяджэнні Рады бяспекі палітык сёння пракаментаваў сітуацыю з паветранымі шарамі кантрабандыстаў, што залятаюць у Літву з Беларусі і, у тым ліку, паралізуюць працу аэрапорта ў Вільні.

«За гэты час, як мне паведамілі спецыялісты, пытанне прапрацавана сур’ёзна, нават да пілотаў грамадзянскай авіяцыі. І тое, што сёння нам выстаўляюць літоўцы, — гэта немагчыма, гэта нерэальна. Нават калі б гэтыя шары туды заляталі, нават калі б яны ляталі, я размаўляў з лётчыкамі, яны кажуць: «Гэта ніякай праблемы не ўяўляе», — сказаў Лукашэнка.

Паводле ягоных словаў, літоўскія палітыкі праблему пачынаюць нагнятаць, праблему пачынаюць палітызаваць.

 «Навошта? Узнікае пытанне. Ці сапраўды хочуць ваяваць? Нам вайна не патрэбная. Упэўнены, што і літоўскаму народу таксама вайна не патрэбная, як і палякам, латышам і эстонцам. Мы наваяваліся, дастаткова ўжо. Столькі людзей страцілі, яшчэ жывыя пакаленні, якія бачылі гэтую вайну. Нам вайна не патрэбная!» — сказаў Лукашэнка.

«Калі яны спрабуюць развязаць тут нейкі канфлікт, наўрад ці ў іх нешта атрымаецца. Мы з народам Літвы заўсёды дамовімся, як і з палякамі. Гэта нашы людзі. А калі хочаце нармальных адносін — сядайце за стол перамоваў і абмяркоўвайце гэтыя праблемы. Мы да гэтага гатовыя. Іншых варыянтаў няма. І наўрад ці з’явяцца», — дадаў Лукашэнка.

«Мы бачым, што адбываецца вакол. І сёння нам трэба актуалізаваць свае абарончыя дзеянні, каб усе бачылі, і перш за ўсё наш народ, што мы гатовыя абараняць кожны кавалак нашай зямлі», — заключыў палітык.

Сёння ўрад Літвы абвясціў рэжым надзвычайнай сітуацыі праз праблемы з шарамі. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула