Ціханоўская ўзяла ўдзел у цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру
Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, якая прайшла сёння ў Осла. Яе запрасіла Марыя Карына Мачада — венесуэльская апазіцыйная лідарка, якая стала нобелеўскай лаўрэаткай 2025 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
«Я сёння ў Осла, на цырымоніі Нобелеўскай прэміі, якую атрымлівае Марыя Карына Мачада. Марыя Карына смела і ўпарта змагаецца з тыраніяй у Венесуэле, і як ніхто іншы заслугоўвае гэтай узнагароды.
Яе барацьба важная не толькі для Венесуэлы. Яна нагадвае нам усім: супраціў дыктатуры — гэта агульная, глабальная задача.
Мы ў Беларусі праходзім той самы шлях — праз рэпрэсіі, страх і гвалт. І сёння мы згадваем Алеся Бяляцкага, нашага Нобелеўскага лаўрэата, які застаецца ў зняволенні. Мы працягваем змагацца за яго і за ўсіх беларускіх палітвязняў.
Сёння мы адзначаем усіх, хто не здаецца, хто працягвае барацьбу, хто верыць у свабоду, дэмакратыю і мір. Я веру, што праўда пераможа. І Беларусь, і Венесуэла будуць свабодныя», — заявіла Святлана Ціханоўская.
Марыя Карына Мачада на цырымонію ўручэння прэміі не прыехала праз пагрозы з боку венесуэльскага дыктатара Нікаласа Мадура. Яе на цырымоніі прадстаўляла дачка.