БЕЛ Ł РУС

У Данецку паставілі помнік загінуламу за «рускі свет» сыну намесніцы дырэктара ЦРУ

10.12.2025 / 22:38

Nashaniva.com

Каля адной са школ акупаванага Расіяй Данецка паставілі бюст Майклу Глосу — салдату расійскай арміі, які загінуў пад Часавым Ярам. Адметнасць гэтага чалавека ў тым, што ён быў сынам намесніцы дырэктара ЦРУ па лічбавых інавацыях Джуліян Галіны. Пра з’яўленне помніка паведаміў кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Данецка Аляксей Кулемзін.

Фота: t.me/kulemzin_donetsk

Бюст паставілі на тэрыторыі школы №115. На таблічцы напісалі па-руску лозунг: «Салдат — гэта не прафесія, а пакліканне. Няма чужой зямлі для таго, хто змагаецца за справядлівасць», а да яе дадалі фразу на англійскай: «May the heroes be glorified!» («Хай героі будуць услаўленыя!»).

Побач з бюстам амерыканца размясцілі бюст расіяніна Івана Каковіна, які загінуў падчас таго ж баявога задання. У верасні гэтай школе ўжо прысвоілі імя Глоса і Каковіна.

Раней спецыяльны пасланнік ЗША Стыў Уіткаф пасля паездкі ў Маскву перадаў маці Глоса, высокапастаўленай супрацоўніцы ЦРУ Джуліан Галіне, расійскі ордэн Мужнасці, якім Пуцін пасмяротна адзначыў яе сына. У ЦРУ журналістам CNN расказвалі, што сям’я вельмі перажывае смерць Майкла і просіць паважаць іх прыватнасць.

Паводле расследавання выдання «Важные истории», 21‑гадовы Глос загінуў у красавіку 2024 года, служачы па кантракце ў расійскай арміі. У сваіх сацсетках ён пісаў, што злосны на ЗША і крытыкаваў іх палітыку. Ён служыў у 137‑м Разанскім палку ПДВ Расіі. Сваякам Майкл казаў, што знаходзіцца «на працы» і збірае грошы на будучае падарожжа па Афрыцы.

Чытайце таксама:

Уіткаф перадаў ордэн ад Пуціна намесніцы дырэктара ЦРУ — яе сын ваяваў за Расію і загінуў

Сын намесніка дырэктара ЦРУ загінуў, змагаючыся за Расію супраць Украіны

За Расію ва Украіне ваююць тысячы наймітаў з як мінімум паўсотні краін свету. Хто яны?

Расія вярбуе ў сваё войска маладых афрыканцаў — Bloomberg

Расія завербавала на вайну супраць Украіны 200 непальцаў, 14 ужо загінулі

Каментары да артыкула