БЕЛ Ł РУС

Яшчэ ў адным райцэнтры закрываюць раддом — парадзіх з Каменца будуць накіроўваць у буйнейшыя гарады

13.12.2025 / 9:30

Nashaniva.com

Як стала вядома «Нашай Ніве», з 1 студзеня 2026 года ў Каменцы, райцэнтры ў Брэсцкай вобласці, закрываецца радзільнае аддзяленне. Гэта пацвердзілі і ў самой бальніцы.

Звязана гэта з невысокай нараджальнасцю ў горадзе з васьмітысячным насельніцтвам, пры якой, па ацэнках Мінздароўя, няма сэнсу ўтрымліваць асобнае аддзяленне з персаналам.

Пры гэтым цяжарныя жанчыны ўсё яшчэ змогуць стаяць на ўліку ў гінеколага па месцы рэгістрацыі.

Камянецкая лякарня. Фота: kamenets.crb.by

Бліжэйшыя радзільныя дамы для камянецкіх жанчын цяпер будуць даступныя ў Брэсце ці Кобрыне, што знаходзяцца за 44 і 54 кіламетры адпаведна.

Сярод некаторых жыхарак райцэнтра, якім хутка нараджаць, навіна ўжо выклікала хваляванне.

Скрыншот: shumik.irina_ / Threads

«А калі не паспець даехаць? Што тады? Мне нараджаць у студзені і, калі шчыра, я баюся, бо ехаць да Брэста гадзіну, а чацвёртыя роды могуць быць вой як хуткія», — падзялілася перажываннямі блогерка Ірына Шумік.

View this post on Instagram

A post shared by ИРИНА ШУМИК/БЛОГЕР ИЗ ДЕРЕВНИ/СТРОЙКА/ОБЗОРЫ/БЕРЕМЕННОСТЬ (@shumik.irina_)

У каментарах дзяўчыну пачалі супакойваць, маўляў, паспееш даехаць да Брэста, не ты першая — жыхаркі Маларыты, Жабінкі, Пружан і тым больш вёсак так робяць даўно. А калі хочаш перастрахавацца — кладзіся ў стацыянар раней.

«Я нараджала ў Брэсце, у Кобрыне і ў Камянцы, і, калі мне б далі выбар, я б нараджала толькі ў Камянцы», — напісала блогерка ў каментарах.

Некаторыя прыводзілі дадатковы аргумент на карысць буйнейшых радзільняў — будзе лепш па камфорце і тэхніцы.

«Я б, калі шчыра, цешылася магчымасці нараджаць у Брэсце», — падзялілася адна з дзяўчын.

Яшчэ адна беларуска падтрымала пасыл.

«Для паўнаты інфармацыі варта дадаць, у якім стагоддзі захрасла Камянецкая радзільня. Наколькі абгрунтавана было б праводзіць абнаўленне ўсяго — палат, абсталявання, дзе ўзяць лекараў працаздольнага ўзросту. У асноўным усе парадзіхі загадзя шукаюць магчымасць нарадзіць у Кобрыне па накіраванні ці ў Брэсце платна (або прыехаць ужо ў працэсе родаў)».

З такімі аргументамі пагаджаюцца і акушэры-гінеколагі. Так, Станіслаў Салавей у каментары «Нашай Ніве» раней тлумачыў, што выдаткаваць больш часу на дарогу звычайна не страшна, а вось абсталяванне і кампетэнцыя дактароў сапраўды граюць ролю.

«Лепш узмацняць міжраённыя бальніцы, каб там была сапраўды якасная дапамога, чым утрымліваць шмат дробных, дзе не будзе ні пацыентаў, ні персаналу, ні апаратуры — толькі шыльда ад таго, што гэта бальніца», — даводзіў доктар.

«Калі ты нешта не робіш пастаянна, ты губляеш кваліфікацыю. Калі няма пацыентаў, то які сэнс існавання радзільні — проста каб яна была? Прыняць роды — гэта не праблема, а калі ў жанчыны будуць ускладненні, то ў такой сітуацыі там ужо могуць не даць рады, бо для крытычных сітуацый трэба ўтрымліваць добрую каманду, а калі лекар большую частку часу нічога не робіць, ён губляе кваліфікацыю. І лепш грошы на ўтрымліванне незагружаных аддзяленняў пусціць на дадатковую машыну хуткай дапамогі ці на верталёт, каб пры, дапусцім, цяжкім крывацёку даставіць пацыентку туды, дзе яе і дзіця сапраўды змогуць выратаваць».

Яшчэ ў 2020 годзе ў Міністэрстве здароўя абазначылі, што закрыццё радзільняў — справа часу ў гарадах, дзе будуць прымаць менш за 100 родаў за год. Пры такіх паказчыках парадзіх перанакіроўваюць на міжраённы ўзровень.

У сувязі з гэтым у 2024 годзе, напрыклад, закрылася акушэрскае аддзяленне ў Докшыцах, закрыліся яны і ў Калінкавічах, Слуцку і іншых гарадах Беларусі. Усё гэта найперш звязана з нізкай нараджальнасцю ў краіне. Па афіцыйных даных, у 2024 годзе ў Беларусі нарадзілася 58 938 дзяцей — гэта гістарычны антырэкорд.

Чытайце таксама:

Упершыню за чатыры гады Белстат апублікаваў звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Даныя жахаюць

У Калінкавічах закрылі радзільнае аддзяленне — каб нарадзіць, трэба ехаць у іншы раён

У які момант жанчыне, якая нараджае, трэба выклікаць хуткую? Меркаванне акушэра-гінеколага і доктара хуткай дапамогі

Каментары да артыкула