У Калінкавічах закрылі радзільнае аддзяленне — каб нарадзіць, трэба ехаць у іншы раён
Як стала вядома «Нашай Ніве», у Калінкавічах закрылася радзільнае аддзяленне. «Цяпер цяжарных жанчын возяць у Мазыр. Акрамя таго, «пад нож» пайшоў цэлы комплекс гінекалагічнай дапамогі. І цяпер, каб зрабіць нейкую больш-менш складаную хірургічную маніпуляцыю ці тым больш аперацыю, звязаную з жаночым здароўем, трэба выпраўляцца ў Гомель», — распавялі мясцовыя жыхары.

У Калінкавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы «Нашай Ніве» пацвердзілі, што радзільнае аддзяленне сапраўды больш не працуе, прычым з сакавіка.
«Жанчыны ўсё яшчэ могуць стаяць у нас на ўліку падчас цяжарнасці, але нараджаць трэба будзе ехаць у Мазыр. Мала нараджаюць, каб утрымліваць аддзяленне»,
— пракаментавалі там і дадалі, што да Мазыра 30 кіламетраў, гэта не такая вялікая адлегласць.
«Час на дарогу да Мазыра — як перасоўвацца па вялікім горадзе. У лістападзе адкрыюць наш мост [праз Прыпяць] — будзе яшчэ хутчэй дабірацца».
Нагадаем, стан моста на дарозе Калінкавічы—Мазыр, пабудаванага ў 1958 годзе, быў прызнаны перадаварыйным, у 2023 годзе стартавала яго рэканструкцыя.
На сайце лякарні цяпер размешчаныя толькі кантакты спецыялістаў жаночай кансультацыі, насупраць працаўнікоў гінекалагічнага аддзялення — пуста.

У Калінкавічах па стане на 1 студзеня 2025 года пражывала 36 тысяч 656 чалавек, а ва ўсім раёне — 53 тысячы 947 чалавек. Якраз за жыхарак раёна найбольш перажываюць мясцовыя, бо з аддаленых вёсак ужо цяжэй даехаць да Мазыра і Гомеля.
Закрыццё радзільных аддзяленняў у невялікіх гарадах — гэта ўжо, можна сказаць, тэндэнцыя.
Яшчэ ў 2020 годзе ў Міністэрстве здароўя абазначылі, што гэта справа часу для месцаў, дзе будуць прымаць менш за 100 родаў за год. Пры такіх паказчыках парадзіх перанакіроўваюць на міжраённы ўзровень. У сувязі з гэтым у 2024 годзе, напрыклад, закрылася акушэрскае аддзяленне ў Докшыцах. Парадзіхі ў Слуцку на дадзены момант таксама вымушаныя ездзіць з роднага горада ў Салігорск.
Колькасць родаў у Беларусі сапраўды моцна скарацілася: так, згодна са статыстыкай Белстата, у той жа Гомельскай вобласці, дзе знаходзяцца Калінкавічы, яшчэ ў 2019 годзе нарадзілася 13 710 чалавек, а за 2024 — ужо 9 116.
Упершыню за чатыры гады Белстат апублікаваў звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Даныя жахаюць

Акушэр-гінеколаг: «Лепей атрымаць дапамогу там, дзе абслугоўванне лепшае. 20 хвілін дарогі не крытычныя»
Ва ўмовах, калі паказчыкі нараджальнасці сапраўды так моцна знізіліся, закрыццё радзільняў у невялікіх гарадах — гэта адэкватнае рашэнне, лічыць акушэр-гінеколаг Станіслаў Салавей.
«Калі мы маем гарады на адлегласці 20-30 кіламетраў адзін ад аднаго, а шпіталі ў іх нераўназначныя па якасці абсталявання, то лепей, каб людзі атрымалі дапамогу там, дзе абслугоўванне лепшае. 20 хвілін дарогі не ўплываюць на сітуацыю крытычна. Тым больш з парадзіхамі. На момант родаў яны ўжо мусяць знаходзіцца ў тым месцы, дзе ім акажуць дапамогу. Лепш узмацняць міжраённыя бальніцы, каб там была сапраўды якасная дапамога, чым утрымліваць шмат дробных, дзе не будзе ні пацыентаў, ні персаналу, ні апаратуры — толькі шыльда ад таго, што гэта бальніца».
Суразмоўца звяртае ўвагу на тое, што колькасць прынятых родаў напрамую ўплывае на кваліфікацыю доктара.
«Калі ты нешта не робіш пастаянна, ты губляеш кваліфікацыю. Калі няма пацыентаў, то які сэнс існавання радзільні — проста, каб яна была? Прыняць роды — гэта не праблема, а калі ў жанчыны будуць ускладненні, то ў такой сітуацыі там ужо могуць не даць рады, бо для крытычных сітуацый трэба ўтрымліваць добрую каманду, а калі лекар большую частку часу нічога не робіць, ён губляе кваліфікацыю. І лепш грошы на ўтрымліванне незагружаных аддзяленняў пусціць на дадатковую машыну хуткай дапамогі ці на верталёт, каб пры, дапусцім, цяжкім крывацёку даставіць пацыентку туды, дзе яе і дзіця сапраўды змогуць выратаваць».
Падыход утрымлівання бальніц, толькі каб людзям было блізка, не звяртаючы ўвагі на якасць, доктар не лічыць слушным.
«Лекараў не хапае, на жаль, абсталявання не хапае. Сама медыцына ўскладняецца. Медыцына — гэта не прыйсці проста да лекара і паразмаўляць. Шпіталь, які бессэнсоўны, які не можа даць добрую дапамогу, мусіць быць зачынены, калі побач ёсць іншы, узмоцнены, дзе могуць зрабіць працэдуры лепш. Таму тое, што ў Калінкавічах зачыняюць радзільню — добра, гэта можа камусьці выратаваць жыццё. Бо куды важней атрымаць менавіта якасную дапамогу, а не атрымаць яе бліжэй».
Каментары
А калі няма машыны? А калі няма правоў? А калі мост будзе зачынены бо ён у аварыйным стане?