БЕЛ Ł РУС

Калеснікава і Бабарыка сказалі, што не шкадуюць пра сваё рашэнне ў 2020-м

14.12.2025 / 18:51

Nashaniva.com

«У такія пераломныя моманты: калі ты можаш, значыць, ты павінен».

Фота: LookByMedia

Марыя Калеснікава і Віктар Бабарыка на першай прэс-канферэнцыі пасля вызвалення адказалі, ці не шкадуюць яны пра тое, што ўсё адбылося менавіта так.

«Гэта, напэўна, пытанне, якое мне задаюць часцей за ўсё за апошнія 5 гадоў ад усіх. Пачынаючы ад усіх людзей, якія са мной знаходзіліся побач на суседніх месцах у камерах, заканчваючы тымі, хто вёў следства. І нават праз 5 гадоў мне гэтае пытанне не перастаюць задаваць, і вы таксама мне яго задаяце.

Не, я ні пра што не шкадую. Я мяркую, што бываюць такія часіны, якія перад намі ставяць такія пытанні, складаныя пытанні, і мы павінны рабіць складаны выбар.

Гэты складаны выбар я зрабіла вельмі лёгка, бо я была і застаюся абсалютна ўпэўненая, што я падтрымала правільную ідэю, я падтрымала свае каштоўнасці, якія выказвае Віктар Дзмітрыевіч і Эдуард Бабарыка, ягоны сын.

Я такая не адна, нас вельмі шмат. І нават цяпер, прайшоўшы праз вельмі цяжкія выпрабаванні і пакуты, якія для мяне часткова скончыліся, а для многіх людзей яны яшчэ працягваюцца, я заўсёды пра гэта памятаю…

Я ўсё адно думаю, што ў такія пераломныя моманты: калі ты можаш, значыць, ты павінен. І вось, мабыць, гэта адказ на ваша пытанне».

Калеснікава расказала, што плануе прабавіць час з блізкімі, заняцца музыкай і падарожнічаць.

Віктар Бабарыка адзначыў:

«Я ўсё жыццё рабіў тое, што я лічыў правільным і патрэбным. У 2020 годзе я зрабіў — мы зрабілі — тое, што мы маглі зрабіць. Ты можаш сябе дакараць толькі, калі ты чагосьці не дарабіў.

Рашэнне [удзельнічаць у выбарах] было правільным у момант яго прыняцця.

Таму не, я не шкадую пра тое, што я зрабіў. (…) Мы не прайгралі. Мы выйгралі. Мы не атрымалі прыз — але мы апынуліся мацнейшымі».

Бабарыка таксама згадаў учынак Калеснікавай з пашпартам.

«Не ведаю, ці перадавалі Машы ці не, але цяпер я хачу публічна сказаць… Нават дзень не памятаю, але момант, калі я зразумеў, што ўсё было зроблена правільна. Гэта калі Маша парвала пашпарт.

Я ведаю, што менавіта ў той момант я зразумеў правільнасць рашэння, бо … (…) Гэта было зроблена цалкам эмацыйна. А калі гэта так, значыць, давярайце жаночай інтуіцыі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула