У Гродне выставілі на продаж шалёна дарагія кватэры — разабралі за гадзіну
У новым квартале побач з гістарычным цэнтрам Гродна стартавалі продажы кватэр у 10‑павярховай панэльцы. Цана за метр рэкордная.
Від на цэнтр Гродна. Фота: «Наша Ніва»
Новы дом будзе месціцца па адрасе: вул. Астроўскага, 2В. Цэны на квадрат у гэтай панэльцы пачынаюцца з 3 750 рублёў ($1270) у трохпакаёўках на 90 квадратаў. Гэта 337 500 рублёў, ці 114 400 даляраў за кватэру.
Квадрат у двухпакаёўках на 85 метраў прадаецца па 3 900 рублёў ($1322). Гэта 331 500 рублёў, ці каля 112 400 даляраў за двухпакаёўку.
Скрыншот: ghb.by
Метр у аднапакаёўках ацанілі на 4 500 рублёў ($1525). За кватэру плошчай пад 50 квадратаў выходзіць 225 тысяч рублёў, ці каля 76 270 даляраў.
Гэта самы дарагі квадрат у дамах, якія ўзводзіць «Гроднажылбуд». Пры гэтым некаторыя людзі, якія хацелі набыць там жытло кажуць, што не паспелі гэта зрабіць, бо кватэры ў гэтым доме раскупілі літаральна за гадзіну.
Для параўнання: у аддаленым ад цэнтра спальным раёне Грандзічы-4 «Гроднажылбуд» прадае кватэры ў панэльках па цэнах ад 2070 да 2550 рублёў (каля 700—865 даляраў).
Высокі кошт кватэр у гэтым квартале тлумачыцца выдатным размяшчэннем. Гэта, бадай, апошні пляц побач з цэнтрам, дзе можна пабудаваць квартал з шматпавярховікамі. Праўда, нягледзячы на блізкасць да цэнтру і высокі кошт метра, гэта пераважна звычайныя панэлькі, якія ў многіх гараджан выклікаюць не самыя пазітыўныя эмоцыі.
Адзін з дамоў у новым квартале побач з цэнтрам. Фота: newgrodno.by
Адметна, што яшчэ летам у гэтым жа квартале кватэры каштавалі значна танней. Так, квадрат у доме, які тады будаваўся, прадавалі па 2900—3200 рублёў (каля 990—1100 даляраў).
Як мы пісалі раней, Гродна сёлета стаў лідарам сярод буйных гарадоў Беларусі па росце цэн на нерухомасць.