У цэнтры Гродна будуюць новы квартал. Але замест сучаснай архітэктуры — звычайныя панэлькі, як у спальніках
Гараджане не ў захапленні ад з'яўлення шараговых панэлек у цэнтры.
Панэлькі ў самым цэнтры
Новы квартал будуецца ў непасрэднай блізкасці да гістарычнага цэнтра Гродна, дзе ўжо практычна няма вольнага месца для забудовы. Раней там знаходзіліся гаражы і склады.
Забудова будзе складацца з шасці шматпавярховікаў вышынёй ад 6 да 10 паверхаў, у якіх будзе 570 кватэр. Забудоўшчык — «Гроднажылбуд», які вядомы будаўніцтвам аднастайных панэлек.

З улікам выдатнай лакацыі кватэры былі хутка распрададзены па цэнах ад 2750 да 3000 рублёў за квадрат (каля $900—$1000).
Гэта самыя дарагія кватэры ад «Гроднажылбуда», якія ў той час былі ў продажы. У аддаленым ад цэнтра мікрараёне Грандзічы квадрат у той жа час каштаваў ад 2070 да 2550 рублёў. У Вясеннім, што знаходзіцца побач з лесапаркам «Пышкі» і Нёманам, квадрат быў па 2600—2700 рублёў.
Той факт, што ў самым цэнтры Гродна будуюць квартал з банальнымі панэлькамі, падабаецца не ўсім.
«Чарговая жылбудаўская панэлька ў колерах вясёлкі. Найміце, калі ласка, сучаснага дызайнера. Ціхі жах», —
напісаў адзін з карыстальнікаў пад допісам у акаўнце NewGrodno ў інстаграме.

«Праект гэтага жылля створаны ў 90‑я гады мінулага стагоддзя!!! Такія дамы ў спальных раёнах выглядаюць жахлівенька. Для цэнтра горада можна і больш сучаснае будаваць жыллё», — дадае іншы.
«І гэтым забудоўваюць цэнтр горада… Божа, схадзіце ў госці да забудоўшчыка, які ўзвёў дом на Цітова, 14. Паглядзіце, як можна будаваць», — абураецца яшчэ адзін каментатар.

Дом на Цітова, 14 — сучасны сяміпавярховы маналітны дом на 56 кватэр. Вясной 2020 года на этапе будаўніцтва квадрат у ім прадаваўся за $980—$990. Такая цана была амаль у два разы вышэйшая за метр у шараговых новабудоўлях. Тым не менш усе кватэры, уключаючы шэсць шыкоўных двухпавярховых пентхаусаў, былі распрададзены яшчэ да завяршэння будаўніцтва.
Цяпер у гэтым доме нехта прадае кватэру без рамонту за $129 тысяч, што складае $1585 за метр.

Але калі ў выпадку з домам на Цітова размова ідзе пра элітную нерухомасць у цэнтры, то новы квартал — гэта панэлькі, якія асабліва нічым не адрозніваюцца ад тых, што ўзводзіць «Гроднажылбуд» на ўскранах горада.
«Людзі ва ўладзе жывуць згодна з савецкімі стандартамі»
Гродзенскі краязнаўца Мечыслаў Ян Супрон, які шмат гадоў змагаецца за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Гродна, называе такую забудову ў цэнтры жахлівай.

«Людзі ва ўладзе жывуць згодна з савецкімі стандартамі. Кожнае савецкае пакаленне нешта сапсавала ў горадзе. Былі хрушчоўкі, потым брэжнеўкі… І калі ў краінах Усходняй Еўропы пасля развалу СССР перайшлі да будаўніцтва ў еўрапейскім стылі і панэлькі перасталі быць моднымі, то ў Беларусі захавалася савецкая традыцыя будаўніцтва.
Цяпер, калі непадалёк ад цэнтра будуюць панэльныя дзесяціпавярховікі і пішуць, што гэта будзе жыллё з вынясеннем аўтамабіляў за межы квартала, то мне проста незразумела, як можна будаваць сучаснае жыллё без падземнага паркінгу».

Краязнаўца кажа, што ў цэнтры мала месца, зямля даражэйшая, таму ў цэнтральнай частцы гарадоў звычайна будуюць больш дарагое жыллё. А ў нашым выпадку ўзводзяць шараговыя высоткі без магчымасці нармальна запаркаваць машыну.
Гісторык абураецца аднатыпнымі шматпавярховікамі, якія ўзводзіць у цэнтры горада «Жылбуд».
«Ранейшыя краявіды сапсаваныя. Глядзіш на гістарычны цэнтр і бачыш, як з-за касцёлаў паўсюль тырчаць тыя свечкі. У мясцовых уладаў няма ніякай канцэпцыі і ніякага разумення, як трэба забудоўваць прастору побач з цэнтрам», — адзначае Супрон.
Адной з прычын, чаму ў тым ліку архітэктары не прыдумляюць нічога цікавага, гісторык называе навучанне па савецкіх стандартах.

«Архітэктары вучацца па савецкіх падручніках, яны захраслі ў той эпосе, таму і будуюць адпаведна. У Мінску сітуацыя крыху лепшая, а тое, што цяпер будуюць у абласных гарадах, гэта архітэктура 1980-х».
Суразмоўца адзначае, што цяпер у Еўропе існуе трэнд на будаўніцтва трох-пяціпавярховых дамоў з падземным паркінгам і зялёнымі зонамі.

У Беларусі ж амаль паўсюль будуюць тыповыя шматпавярховыя дамы, і адной з праблем Гродна можна назваць, што такія спальныя кварталы ўсё бліжэй падбіраюцца да цэнтра горада.
Цяпер чытаюць
На Афоне адшукалі тры невядомыя раней асобнікі Астрожскай Бібліі. Для яе стварэння друкар Іван Фёдараў, выхадзец з Беларусі, выкарыстоўваў тэксты Скарыны
Каментары