БЕЛ Ł РУС

У Казахстане былі рашуча настроеныя адстраляць каля мільёна сайгакаў, але жывёлы схаваліся ў Расіі

18.12.2025 / 22:52

Nashaniva.com

Казахстан падвёў вынікі спробаў скараціць колькасць сайгакаў, але план фактычна праваліўся. Замест запланаванага істотнага змяншэння папуляцыі значная частка жывёл проста мігравала ў Расію, уцякаючы ад масавых адстрэлаў, паведамляе RTVI.

Статак сайгакаў у Казахстане. Фота: Wikimedia Commons

Паводле плана, з 1 ліпеня да 1 снежня Казахстан павінен быў знізіць пагалоўе сайгакаў прыкладна на 20% — адстраляць каля 800 тысяч асобін. Аднак на практыцы было «вынята» толькі каля 200 тысяч жывёл, што складае прыкладна чвэрць ад запланаванага.

Гэта не аказала істотнага ўплыву на агульную колькасць: у 2025 годзе папуляцыя дасягнула рэкордных 4 мільёнаў, а ў 2026-м, паводле прагнозаў, вырасце яшчэ на мільён — да 5 мільёнаў асобін.

Міністр экалогіі і прыродных рэсурсаў Казахстана Ярлан Нысанбаеў паведаміў, што адстрэл вёўся згодна з навуковымі рэкамендацыямі, а тушы перадаваліся на мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы.

Пры гэтым ён прызнаў, што значная частка сайгакаў з пачаткам кампаніі адышла ў іншыя рэгіёны, у тым ліку на тэрыторыю Расіі, асабліва ў прыгранічныя раёны.

Праблема сайгакаў востра стаіць як у Казахстане, так і ў Расіі: вялізныя статкі вясной і летам мігруюць праз межы, дратуюць палі і знішчаюць пасевы, наносячы вялікія страты фермерам. Асабліва цярпяць ад гэтага Заходне-Казахстанская вобласць і расійскія рэгіёны, у тым ліку Саратаўская вобласць.

Адна з ключавых прычын няўдачы праграмы — адсутнасць выразнага разумення, што рабіць з адстралянымі жывёламі. Праблемы з перапрацоўкай, утылізацыяй, а таксама строгія міжнародныя абмежаванні на гандаль рагамі сайгака значна знізілі зацікаўленасць бізнэсу. Толькі ў снежні 2025 года на канферэнцыі CITES ва ўзбекскім Самаркандзе Казахстан атрымаў дазвол на абмежаваны і строга кантраляваны гандаль рагамі, але гэта не азначае імгненнага адкрыцця экспарту.

Эксперты адзначаюць, што аптымальная колькасць сайгакаў для тэрыторыі Казахстана — каля 800—900 тысяч асобін. Сённяшняя папуляцыя перавышае гэты ўзровень больш чым утрая, што пагражае дэградацыяй экасістэм, ростам сацыяльнай напружанасці ў сельскіх раёнах і магчымымі ўспышкамі эпідэмій як сярод жывёл, так і сярод людзей.

На гэты момант улады Казахстана фактычна захавалі статус-кво: праблему прызналі, але эфектыўнага механізма яе вырашэння пакуль не распрацавалі. У 2026 годзе ўраду даручана падрыхтаваць новую стратэгію «ўстойлівага кіравання» папуляцыяй сайгакаў.

Чытайце таксама:

У Казахстане вырашылі адстраляць амаль мільён сайгакаў

У Казахстане за некалькі дзён загадкава загінула пад 100 тысяч сайгакаў

Ці можна забраць рогі, якія знайшлі ў лесе? Можна, але леснікі просяць гэтага не рабіць — вось чаму

Чаму ласі прыходзяць у горад?

Каментары да артыкула