У Гомелі асудзілі заснавальніка арт-вёскі і яшчэ траіх зняволеных па справе Гаюна
Праваабаронцам стала вядома, што заснавальніку арт-вёскі «Чырвоны Кастрычнік» Кірылу Краўцову быў вынесены прысуд, які набыў моц, паведаміла «Гомельская вясна». У абласным судзе яго абвясцілі вінаватым паводле ч. 1 і 2 арт. 361‑4 КК за паведамленне «Беларускаму Гаюну», які фіксаваў перасоўванне расійскіх войскаў пры наступе на Украіну з тэрыторыі Гомельшчыны.
Кірыл Краўцоў. Фота: Facebook
Кірыла Краўцова вызвалілі з-пад варты. Па інфармацыі выдання «Флагшток», яму прысудзілі 4 гады абмежавання волі («хатняя хімія»).
Па тым жа абвінавачванні была асуджаная 47‑гадовая жыхарка Мазыра Ганна Багінская. Прысуд таксама пакуль высвятляецца, але дакладна вядома, што жанчыну зняволілі, прысудзіўшы ёй альбо пазбаўленне волі ў калоніі, альбо абмежаванне волі з накіраваннем ва ўстанову.
Яшчэ адзін палітычны прысуд быў вынесены таксама жыхару Мазыра. Па аналагічным артыкуле асудзілі Дзмітрыя Карнейчыка. Праваабаронцам вядома, што вынесены яму прысуд звязаны з пазбаўленнем волі. Сутнасць абвінавачванняў пакуль высвятляецца, але найбольш імаверна, што зняволілі Карнейчыка таксама ў справе «Беларускага Гаюна».
Чарговы прысуд — зноў у дачыненні жыхаркі Мазыра. 40‑гадовую Любоў Рагожкіну асудзілі на абмежаванне волі без накіравання ў калонію.
Яшчэ адзін асуджаны за апошні час — Андрэй Янковіч, 39‑гадовы ІТ-адмысловец з Гомеля, родам з Рэчыцы. Дакладны прысуд застаецца невядомым.
Акрамя таго, праваабаронцы даведаліся пра новага затрыманага, верагодна, па справе «Гаюна». Гэта Міхаіл Вага — 28‑гадовы ўраджэнец Гомеля, выпускнік гімназіі № 71 і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, дзе ён вучыўся на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі.
Вага з’яўляецца стваральнікам стартапа HandEnergy — партатыўнай зараднай прылады для смартфонаў, якая выпрацоўвае электраэнергію праз механічны рух. Пра яго вынаходніцтва ў 2017 годзе пісалі беларускія і замежныя СМІ, у тым ліку галоўная праўладная газета краіны. Міхаіл шмат падарожнічаў і жыў у краінах Еўропы і ЗША. У снежні ён быў затрыманы ў Гомелі.
Чытайце таксама:
Інжынера, які запускаў трэцюю лінію мінскага метро, асудзілі за «Гаюна»
55‑гадовага жыхара Мазыра адправілі за краты па папулярным палітычным артыкуле
Менеджара з холдынга «Амкадор» асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»