У вёсцы пад Маладзечнам у хаце з дзясяткам сабак знайшлі мёртвага мужчыну
21 снежня ў вёсцы Ласі Маладзечанскага раёна ў хаце, дзе часова ўтрымліваліся каля дзесяці сабак, быў знойдзены мёртвым мужчына, які даглядаў гэтых жывёл. Ён займаўся імі на перыяд пошуку для сабак новых гаспадароў, паведамляе Kraj.by.
Паводле папярэдняй інфармацыі, з чацвярга, 18 снежня, мужчына не выходзіў на сувязь з мясцовымі жыхарамі. Трывогу падняла ўладальніца хаты, якая дазволіла яму часова жыць там разам з сабакамі. Калі мужчына перастаў выходзіць на вуліцу, жанчына занепакоілася, але не змагла трапіць у хату, бо жывёлы паводзілі сябе агрэсіўна і не пускалі ўсярэдзіну.
Жанчына выклікала хуткую дапамогу, аднак медыкі таксама не змаглі ўвайсці ў хату. Тады яны звярнуліся па дапамогу да МНС, а тыя, у сваю чаргу, звязаліся з дырэктарам цэнтра выратавання бяздомных жывёл «Мара» Дзянісам Буркевічам.
Пасля трапляння ў хату высветлілася, што мужчына сапраўды знаходзіўся там без прыкмет жыцця. Ягоны твар быў у крыві, аднак іншых бачных цялесных пашкоджанняў знойдзена не было. Папярэдне мяркуецца, што смерць не мела гвалтоўнага характару.
У хаце таксама знаходзіліся каля дзясятка сабак: дакладную колькасць вызначыць было складана, бо жывёлы хаваліся. Яшчэ двух сабак знайшлі мёртвымі. Са слоў вяскоўцаў, мужчына рэгулярна выгульваў жывёл двойчы на дзень. У памяшканнях не знайшлі слядоў ужывання алкаголю.
Следчы камітэт праводзіць праверку па факце смерці мужчыны. Прычыны яго гібелі ўстанаўліваюцца.
Чытайце таксама:
Гаспадара таго самага Мухтара з серыяла асудзілі за палітыку
Цяпер Умку можна павесіць на ялінцы