БЕЛ Ł РУС

У Мінску адкрыўся рэстаран беларускай кухні з памылкай у назве. Атрымалася двухсэнсоўна

25.12.2025 / 14:54

Эдвард Руткевіч

У сталіцы недалёка ад станцыі метро «Партызанская» адкрыўся рэстаран класічнай беларускай кухні. Аднак месца прыцягнула ўвагу не столькі дранікамі, колькі сваёй шыльдай: у беларускай назве ўстановы грубая граматычная памылка, якая выклікае неадназначныя асацыяцыі.

Уласнік рэстарана перад уваходам. Фота: сацсеткі рэстарана

Рэстаран адкрыўся ў Заводскім раёне, на Партызанскім праспекце, 87. Месца добра знаёмае мясцовым жыхарам: раней у гэтым памяшканні доўгі час працавала піцэрыя «Планета Pizza».

Грубая памылка і двухсэнсоўны падтэкст

Новы рэстаран атрымаў назву «Белы гусь», што з пункту гледжання нормаў беларускай мовы з’яўляецца памылкай. У беларускай мове назоўнік «гусь» заўсёды жаночага роду. Адпаведна, правільна назва павінна была б гучаць як «Белая гусь». Самец гусі па-беларуску называецца «гусак», а ўжыванне слова «гусь» у мужчынскім родзе ўласцівае выключна рускай мове.

Рэклама рэстарана, у назве якога — грубая памылка. Фота: сацсеткі рэстарана

Такая памылка выглядае асабліва пікантна ў сучасным палітычным кантэксце. Пасля 2020 года беларускія сілавікі і прарасійскія актывісты пачалі ўжываць фразу «жуе белы гусь» як здзеклівае перакручванне патрыятычнага лозунга «Жыве Беларусь». Ці з’яўляецца гэта свядомай правакацыяй ці ж усяго толькі супадзенне праз памылку — застаецца толькі здагадвацца.

Беларуская кухня па-руску

Нягледзячы на тое, што ўстанова пазіцыянуе сябе як рэстаран роднай кухні, знайсці ў ім беларускую мову амаль немагчыма. Сацыяльныя сеткі ўстановы вядуцца выключна па-руску, меню таксама складзена па-руску.

У рэстаране беларускай кухні ўсё аформлена па-руску. Фота: сацсеткі рэстарана

У меню рэстарана прапануецца сумесь класічных беларускіх страў — такіх як дранікі, мачанка і калдуны — і савецкай ды еўрапейскай кухні: аліўе, селядзец пад шубай і запечаныя слімакі.

Беларускія стравы ў рэстаране. Фота: сацсеткі рэстарана

Цэны ў рэстаране сярэднія:

Сярод найбольш дарагіх пазіцый, напрыклад, галёнка ў піве за 42 рублі ці «Сэт 6 сотак» (настойкі з закускай) за 55 рублёў.

Інтэр'ер як «гняздо»

Афармленне рэстарана. Фота: сацсеткі рэстарана

Афармленне рэстарана. Фота: сацсеткі рэстарана

Што тычыцца афармлення, то стваральнікі паспрабавалі зрабіць стаўку на ўтульнасць і казачнасць. Інтэр'ер стылізаваны пад сельскую хату ці нават «гняздо»: фактурныя ляпныя сцены, вялікія пухнатыя свяцільні ручной працы, маленькія лямпы ў выглядзе палавінак яек і штучны камін.

Установа разлічана прыкладна на 60 пасадачных месцаў і знаходзіцца ў раёне, які сапраўды не перанасычаны месцамі для адпачынку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула