БЕЛ Ł РУС

Кітай хоча стаць тэхналагічным лідарам свету — але праблемы ў эканоміцы толькі растуць

26.12.2025 / 7:30

Антось Жупран

Кітай імкліва скарачае адставанне ад ЗША ў ключавых тэхналогіях — ад штучнага інтэлекту да робататэхнікі і космасу. Аднак, як піша The Wall Street Journal, дзяржаўныя інвестыцыі ў самадастатковасць прыводзяць да каласальных страт, гіганцкай дзяржаўнай запазычанасці і ігнаравання сацыяльных патрэб насельніцтва.

Фота: Kevin Frayer / Getty Images

У мегаполісах і малых гарадах сучаснага Кітая адначасова суіснуюць дзве супярэчлівыя рэальнасці. З аднаго боку, краіна імкліва скарачае тэхналагічны адрыў ад ЗША, але з іншага — значныя сектары яе эканомікі знаходзяцца ў глыбокім крызісе. Сёння ў Кітаі можна пабачыць, як найноўшыя электрамабілі мясцовай вытворчасці праносяцца міма закінутых жылых кварталаў, а высокапрадукцыйныя робаты на заводах вырабляюць тавары, якія не могуць сабе дазволіць выпускнікі ВНУ, што засталіся без працы.

Гэты тэхналагічны прарыў, яркім прыкладам якога стаў нядаўні поспех стартапа ў сферы штучнага інтэлекту DeepSeek, даецца Пекіну надзвычай высокай цаной.

Як піша WSJ, дзяржава кіруе тэхналагічным развіццём жорсткімі адміністрацыйнымі метадамі, накіроўваючы сотні мільярдаў даляраў у стратэгічныя сектары. Гэта робіць Кітай больш самадастатковым і ўстойлівым да знешняга ціску, у тым ліку да амерыканскіх абмежаванняў на пастаўкі перадавых чыпаў. Але кошт гэтай стратэгіі — каласальны.

Эканамісты кажуць пра масавую неэфектыўнасць размеркавання рэсурсаў. У краіне занадта шмат кампаній, якія хранічна працуюць у мінус, але не банкрутуюць дзякуючы падтрымцы мясцовых уладаў. Напрыклад, з 129 брэндаў электрамабіляў і гібрыдаў, што працавалі ў Кітаі летась, фінансава жыццяздольнымі да 2030 года застануцца толькі каля 15. Аналагічная пагроза перанасычэння назіраецца і ў гуманоіднай робататэхніцы: у Кітаі ўжо налічваецца больш за 150 такіх кампаній.

Стратэгія Кітая — дасягнуць поўнай самадастатковасці ў крытычных сектарах. Гэта разглядаецца як страхоўка на выпадак, калі праціўнікі, у першую чаргу ЗША, перакрыюць доступ да замежных тэхналогій. Пекін дэманструе, што гатовы плаціць любую цану за незалежнасць, асабліва на фоне санкцый на пастаўку перадавых паўправаднікоў. Вынікі гэтай палітыкі ўражваюць: Кітай запускае самыя сучасныя авіяносцы, вырабляе больш робатаў, чым любая іншая краіна, і рыхтуецца да высадкі на Месяц.

Аднак за гэтымі дасягненнямі хаваюцца непрыемныя факты. Цэны на жыллё ў краіне ўпалі на 17% з часоў пандэміі. Кампаніі скарачаюць найм, заробкі застаюцца нізкімі: у гарадах сярэдні даход на чалавека — менш за 700 даляраў у месяц, а ў сельскай мясцовасці сотні мільёнаў людзей жывуць на некалькі даляраў у дзень.

WSJ прыводзіць прыклад уезда Мяньчы, дзе мясцовыя ўлады павялічылі выдаткі на навуку на 50%, нягледзячы на падзенне бюджэтных даходаў больш як на 10%. Пры гэтым на сайце мясцовых уладаў з’яўляюцца скаргі ад настаўнікаў, камунальных работнікаў і студэнтаў-практыкантаў, якім месяцамі не выплачваюць заробкі.

Агульная дзяржаўная запазычанасць у Кітаі, уключна з даўгамі структур, звязаных з мясцовымі ўладамі, за 2019—2024 гады, паводле ацэнак, амаль падвоілася і дасягнула астранамічных 23 трыльёнаў даляраў. На гэтым фоне запавольваецца рост прадукцыйнасці — асабліва небяспечная тэндэнцыя ва ўмовах скарачэння насельніцтва.

МВФ папярэджвае, што празмерныя дзяржаўныя субсідыі запавольваюць агульны рост эканомікі, і заклікае Пекін пераключыцца з інвестыцый у вытворчасць на падтрымку спажывання. Тым не менш лідар краіны Сі Цзіньпін застаецца верным свайму курсу, спрабуючы вырашыць унутраныя праблемы праз рэкордны экспарт тавараў па ўсім свеце. Прафіцыт гандлёвага балансу краіны ўпершыню перавысіў 1 трыльён даляраў, што сведчыць пра ўстойлівасць вытворчай базы нават ва ўмовах гандлёвых войнаў.

Аднак значная частка дзяржаўных сродкаў, накіраваных у стратэгічныя сектары, аказваецца змарнаванай і ідзе на падтрымку эканамічна нежыццяздольных кампаній. Напрыклад, вытворца электрамабіляў NIO, нягледзячы на каля мільярда даляраў, атрыманых ад звязаных з дзяржавай інвестараў, з 2020 па 2024 год назапасіў больш за 10 мільярдаў даляраў страт. Паказчыкі некалькі палепшыліся ў 2025 годзе, але ў трэцім квартале кампанія ўсё роўна страціла каля 500 мільёнаў даляраў.

Больш фундаментальная праблема заключаецца ў тым, што тэхналагічныя інвестыцыі і дзяржаўныя субсідыі накіроўваюцца ў галіны, якія ствараюць занадта мала працоўных месцаў. У той час як кожны шосты малады жыхар горада застаецца без працы.

Напрыклад, найбуйнейшы ў Кітаі вытворца мікрасхем і адзін з галоўных атрымальнікаў дзяржаўнай падтрымкі — кампанія SMIC — мае каля 20 000 супрацоўнікаў. У той жа час штат вядучага вытворцы гуманоідных робатаў UBTech з канца 2023 года да канца чэрвеня 2025 года павялічыўся ўсяго на 259 чалавек і склаў 2 272 работнікаў.

Як рэзюмуе WSJ, афіцыйны Пекін усведамляе гэтыя праблемы, але лічыць абраны шлях адзіна магчымым. У наступным пяцігадовым плане самадастатковасць застанецца прыярытэтам. 

Чытайце таксама:

Наколькі ўсё кепска з эканомікай Кітая? Пекін схаваў усю статыстыку, якая магла б даць адказ на гэтае пытанне

Кітайскія мільярдэры становяцца бацькамі дзясяткаў дзяцей у ЗША дзякуючы сурагатным маці. Адзін з іх заявіў пра 100 дзяцей

Як Кітай становіцца навуковай звышдзяржавай

Каментары да артыкула