«Генерал Бяда вылецеў праз бакавое шкло «Чайкі». Малавядомая аварыя 1976 года, у якой загінулі другі чалавек у БССР і баявы лётчык-генерал
Беларусы ведаюць, як восенню 1980 года ў аўтакатастрофе загінуў Пятро Машэраў. Але чатыры гады раней урадавы картэж з вышэйшым кіраўніцтвам БССР ужо трапляў у цяжкую аварыю. Тады загінулі старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета рэспублікі Фёдар Сурганаў і герой Савецкага Саюза, славуты вайсковы лётчык Леанід Бяда, якія ехалі ў адной «Чайцы». Абставіны абедзвюх катастроф у многім падобныя: тая ж аўтатраса, высокая хуткасць, памылкі экіпажаў суправаджэння, сам характар сутыкнення, пiша Onliner.by.
У цэнтры кадра Леанід Бяда (у акулярах) і Фёдар Сурганаў. Здымак зроблены незадоўга да катастрофы
Раён універсама «Рыга» ў Мінску — гэта месца, дзе вуліца Сурганава перасякаецца з вуліцай Бяды. Верагодна, многія мясцовыя жыхары нават не падазраюць, што такое суседства невыпадковае. У дзень трагедыі, 26 снежня 1976 года, гэтыя два відныя дзяржаўныя дзеячы таксама знаходзіліся побач, у адным аўтамабілі.
Фёдар Сурганаў: ад партызанскага падполля да вяршыні ўлады БССР
Фёдара Сурганава мы ведаем як аднаго з кіраўнікоў Беларускай ССР, найбліжэйшага паплечніка Пятра Машэрава і Ціхана Кісялёва. Чалавека, які ўваходзіў у каманду тых кіраўнікоў, якім выпала аднаўляць рэспубліку ў пасляваенны час, закладваць і развіваць яе прамысловы і эканамічны патэнцыял.
У гады вайны ён быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху і камсамольскага падполля — падбіраў моладзь для знішчальных атрадаў, фармаваў групы самаабароны, дапамагаў выпускаць падпольныя газеты і ўлёткі на акупаванай тэрыторыі. Лёс звёў яго з Машэравым у 1943-м, калі Сурганаў быў закінуты ў тыл ворага. Тады на самалёце ён прызямліўся на аэрадроме ў Налібоцкай пушчы, уліўся ў партызанскі рух і прыняў кіраўніцтва падпольнымі камсамольскімі арганізацыямі ў Баранавіцкай і Вілейскай абласцях. Удзельнічаў у баявых аперацыях.
Фрагмент, прысвечаны Сурганаву, у экспазіцыі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску
Пасля вайны Сурганаў звязаў сваё жыццё з партыйнай працай і хутка прасоўваўся па кар'ернай лесвіцы. Ён кіраваў выканкамам Мінскай вобласці, займаў пасаду сакратара абласнога камітэта партыі, затым стаў другім сакратаром ЦК КПБ. У 1971 годзе Сурганаў узначаліў Прэзідыум Вярхоўнага Савета рэспублікі, стаўшы ва ўладнай іерархіі БССР другой па значнасці фігурай пасля Пятра Машэрава, які займаў найвышэйшую партыйную пасаду.
Як адказны за сельскую гаспадарку, Фёдар Сурганаў асцярожна ставіўся да аграрных рэформаў і не дапускаў павальнага захаплення кукурузай і іншымі хрушчоўскімі новаўвядзеннямі. У 1969 годзе ён адкрываў мемарыяльны комплекс «Хатынь» і запальваў там вечны агонь — гэты момант можна знайсці на YouTube. А ў 1974‑м сустракаў на беларускай зямлі амерыканскага прэзідэнта Рычарда Ніксана. Гэта быў першы ў гісторыі візіт лідара ЗША ў Мінск.
Савецкія газеты называлі той час «перыядам разрадкі міжнароднай напружанасці», а The New York Times для зручнасці прадставіла Сурганава сваім чытачам як прэзідэнта беларускай рэспублікі.
Фёдар Сурганаў (у цэнтры) на адкрыцці комплексу «Хатынь», 1969 год
Леанід Бяда: франтавы лётчык, двойчы герой і камандуючы вайсковай авіяцыяй
Леанід Бяда ўвайшоў у гісторыю як выдатны вайсковы лётчык, двойчы герой Савецкага саюза. У час вайны на штурмавіку Іл-2 ён здзейсніў 214 баявых вылетаў. Удзельнічаў у Сталінградскай бітве, вызваляў Украіну, Беларусь, Літву, ваяваў у наступальных аперацыях на тэрыторыі Польшчы і Усходняй Прусіі.
Адзін з першых баявых вылетаў ледзь не стаў для яго апошнім. Тады эскадрылля атакавала эшалоны праціўніка ў раёне чыгуначнага вузла пад Сталінградам. У першым заходзе на цэль трэба было скінуць бомбы, а Леанід Бяда памылкова выпусціў некіраваныя рэактыўныя снарады. У другім заходзе адстраляўся з гарматы і толькі на зваротным шляху ўспомніў пра бомбы, вяртацца з якімі было строга забаронена. Тады малады лётчык прыняў рызыкоўнае рашэнне ў адзіночку вярнуцца да пазіцый праціўніка. У час атакі ён выклікаў на сябе агонь усіх зенітак і звяна «месершмітаў», якія літаральна прашылі Іл-2.
Бяда атрымаў раненне ў галаву, але здолеў дацягнуць да аэрадрома. Пазней на корпусе самалёта налічылі 380 прабоін ад снарадаў і буйнакаліберных куль.
Камандзір эскадрыллі штурмавога палка Леанід Бяда сярод лётчыц бамбардзіровачнай авіяцыі
Амаль усю вайну Бяда лётаў з адным бартавым стралком, Сямёнам Раманавым. Хоць жыццё штурмавіка на фронце, як правіла, было нядоўгім, бартавы стралок у сярэднім жыў яшчэ менш, бо быў абаронены нашмат слабей за лётчыка. Нямецкія знішчальнікі часта атакавалі ззаду, апускаючыся ніжэй за Іл-2, у «сляпую зону», дзе бортстралок іх не бачыў, а затым расстрэльвалі безабаронны самалёт. Але Бяда асвоіў контрпрыём: ён рабіў «бочку», пераварочваючы самалёт уверх шасі, і ў гэтым становішчы бортстралок, хоць і ўверх нагамі, ужо мог весці агонь.
За час вайны Леанід Бяда прайшоў шлях ад лётчыка да памочніка камандзіра палка па паветрана-стралковай службе. Нягледзячы на прозвішча, у баях яму заўсёды спадарожнічаў поспех. Для лётчыка і яго атачэння ён стаў нечым накшталт шчаслівага абярэга.
Так атрымлівалася, што групы пад кіраваннем Бяды паспяхова выконвалі задачы пры мінімуме страт. Ды і ўсе лётчыкі эскадрыллі пад яго камандаваннем скончылі вайну ў званні Герояў Савецкага Саюза.
Пасля вайны ён застаўся служыць ва ўзброеных сілах. Кар'ера двойчы Героя развівалася імкліва. Бяда камандаваў палком, дывізіяй, а ў 1970‑х стаў камандуючым авіяцыяй Беларускай вайсковай акругі.
Дзень катастрофы: 1976 год, снежань, Белавежская пушча
А цяпер мы перанясёмся ў 1976 год. У той зімовы дзень, 26 снежня, калі Фёдар Сурганаў і Леанід Бяда апынуліся на адным аэрадроме ў Пружанскім раёне, адкуль у складзе картэжа вярталіся ў Мінск на ўрадавай «Чайцы» і трапілі ў аўтакатастрофу.
У канцы снежня 1976 года ўсё вышэйшае кіраўніцтва БССР знаходзілася ў Белавежскай пушчы, дзе гасцяваў Рауль Кастра, малодшы брат Фідэля, другі сакратар ЦК Кампартыі Кубы.
Кубінскія лідары падтрымлівалі асабліва цёплыя адносіны з кіраўніцтвам беларускай рэспублікі. Першая сустрэча Пятра Машэрава і Фідэля Кастра адбылася ў 1966 годзе на Кубе. Два партызанскія правадыры хутка знайшлі агульную мову. За плячыма аднаго былі гады барацьбы ў падполлі і партызанскі побыт у расонскіх лясах, за плячыма другога — паўстанцкая барацьба ў гарах Сьера-Маэстра.
Яшчэ ў 1972 годзе, наведваючы СССР, Фідэль Кастра абавязкова захацеў пабываць у Мінску і зноў сустрэцца з Машэравым. Ягоны брат Рауль таксама прасякнуўся гісторыямі пра партызанскае мінулае Беларусі і наведаў рэспубліку, як толькі такая магчымасць надарылася — у снежні 1976-га.
Напярэдадні ў Крамлі ён удзельнічаў ва ўрачыстасцях, прысвечаных 70‑годдзю Леаніда Брэжнева, пасля чаго вырашыў адправіцца ў Мінск — правёў шэраг пратакольных сустрэч, наведаў «Хатынь» і адбыў у Белавежскую пушчу — адпачыць і папаляваць.
Рауль Кастра (трэці справа) у Хатыні, снежань 1976. Фота: БелТА
Кампанію кубінскаму госцю і яго сям'і ў пушчы склалі Машэраў і Кісялёў — такія ж гарачыя аматары палявання. Але, па ўспамінах егераў, больш за ўсіх тады здзівіла жонка Рауля Кастра, Вільма — яна з дзесяці крокаў трапляла ў дробную манетку, не кажучы ўжо пра кабаноў! Кубінка шакавала снайперскімі здольнасцямі ў час загоннага палявання. Адкуль такая трапнасць, асабліва не задумваліся. А між тым жонка Рауля Кастра была адным з лідараў рэвалюцыі і ўдзельнічала ў баях.
Напярэдадні ад'езду Рауля да кампаніі далучыўся і Фёдар Сурганаў. Па этыкеце яму ў ліку іншых кіраўнікоў належала праводзіць высокага госця. Раніцай 26 снежня ўся дэлегацыя выехала з урадавай рэзідэнцыі ў Белавежскай пушчы на вайсковы аэрадром Засімавічы ў Пружанскім раёне, дзе ўжо рыхтаваліся да ўзлёту два самалёты — цывільны для Кастра і вайсковы. На апошнім прыляцеў Леанід Бяда, каб асабіста забраць Машэрава ў Мінск.
Чаму Сурганаў і Бяда не паляцелі ў Мінск на самалёце
Адным з апошніх, хто бачыў жывымі Сурганава і Бяду і размаўляў з імі за дзве гадзіны да іх гібелі, быў палкоўнік КДБ Аляксей Крывашэін. У той дзень яго задачай было забеспячэнне бяспекі віп-гасцей у аэрапорце. У 2003 годзе ён упершыню падзяліўся сваімі ўспамінамі з газетай «Советская Белоруссия». Вось што ён расказваў:
«У той дзень стаяла жудаснае надвор'е. Спецыяльная тэхніка і дзясяткі салдат, здавалася, дарэмна ваююць са снегам на ўзлётна-пасадачнай паласе. Праз хвіліну яе зноў заносіла. Самалёты рыхтаваліся да ўзлёту. І тут паказалася кавалькада чорных урадавых машын. Я ўразіўся велізарнай хуткасці, на якой яны перасоўваліся ў такіх складаных умовах надвор'я. Пятро Міронавіч, павітаўшыся, зрабіў нам папрок за тое, што мы не забяспечылі добрае надвор'е. Жартаваў, вядома.
Але Бяда відавочна не быў схільны да ўспрымання жартаў. Ён адразу пачаў умольваць Кастра адмовіцца ад палёту. Аднак было бачна, што тут усё вырашае першы сакратар ЦК КПБ. Пятро Міронавіч папрасіў падысці камандзіра ўрадавага самалёта і гучна задаў пытанне: «Зможаш узляцець?» Вядома ж, адказ быў станоўчы.
І толькі самалёт з Раулем Кастра адарваўся ад зямлі, нечакана (для мяне, прынамсі) прагучаў трывожны вокліч Бяды: «Куды, ну куды так задраў нос? Раўняй, каму кажу, раўняй!» Машына ў гэты час рухалася ледзь не перпендыкулярна зямлі. Лётчык-ас Бяда больш за іншых разумеў, што вось-вось павінна была адбыцца развязка. Аднак самалёт самым дзіўным чынам раптам прыняў устойлівае становішча і неўзабаве знік за цёмнымі аблокамі.
«Тады палячу і я», — сказаў Машэраў. Тут ужо Бяда, не саромеючыся ў выразах, сказаў усё, што думае з гэтай нагоды, і Пятро Міронавіч здаўся. Вырашана было ехаць на аўтамабілях».
Трэба заўважыць, што сын Леаніда Бяды, Леанід Леанідавіч, пазней выкладаў журналістам некалькі іншую версію. Па яго словах, бацька якраз прапаноўваў Машэраву ляцець у Мінск. Маўляў, надвор'е ў Пружанах дазваляла ўзлятаць, а Мінск быў зацягнуты туманам. Аднак прагноз быў спрыяльным, і Бяда раіў пачакаць яшчэ гадзіну-паўтары — і потым узлятаць. Так яны прыбылі б у сталіцу праз 2-2,5 гадзіны, што было б значна хутчэй, чым ехаць па старой брэсцкай трасе. Але Машэраў нібыта ўсё ж даў каманду ехаць на машынах.
Дэталі катастрофы: як «Чайка» Сурганава ўрэзалася ў аўтобус
Першымі ў калоне ішлі тры машыны ДАІ Брэсцкай вобласці, потым «Чайка» Машэрава, затым машына Кісялёва, у якой ехалі жонкі. Сам Ціхан Кісялёў сеў у машыну Сурганава. Туды ж літаральна на хаду заскочыў і Леанід Бяда. Замыкала картэж яшчэ адна машына ДАІ.
У час прыпынку на запраўцы ў Івацэвічах Кісялёў перасеў з машыны Сурганава да жонак, чым, як выявілася пасля, выратаваў сабе жыццё. Да сутыкнення заставаліся лічаныя хвіліны. І тут зноў з'яўляюцца розныя версіі. Па адной з іх, машына Сурганава затрымалася на запраўцы і кіроўцу прыйшлося даганяць картэж, які імчаў наперад.
У той жа час дачка Машэрава Наталля ў адным з інтэрв'ю сцвярджала, што Машэраў з Сурганавым памяняліся месцамі ў картэжы. Маўляў, на запраўцы Фёдар Анісімавіч сказаў: «Ты яшчэ не заправіўся, Пеця, давай я паеду наперад, пабуду хоць раз на тваім месцы».
Найбольш падрабязна пра аўтакатастрофу расказаў сын Фёдара Сурганава, Яўген. З'яўляючыся супрацоўнікам КДБ, ён правёў уласнае расследаванне абставін трагедыі і ў 2010 годзе падзяліўся з «Камсамольскай праўдай» сваімі высновамі.
Па яго словах, наперадзе картэжа рухаліся два аўтобусы. Кіроўца першага заўважыў набліжэнне машын ДАІ і спыніўся — але не на абочыне, а на дарозе. Кіроўца ЛАЗа, які ехаў за ім, зрэагаваць не паспеў і ўрэзаўся ў заднюю частку аўтобуса. ЛАЗ развярнула на паўдарогі — і ў яго ўляцела «Чайка» Сурганава.
«Калона да гэтага моманту ўжо праехала, а «Чайка» бацькі як раз яе даганяла, — расказваў сын Сурганава. — Сутыкненне было вельмі моцным. Бацька загінуў адразу… Леанід Ігнатавіч Бяда вылецеў праз бакавое шкло, але гэта яго не выратавала… Адзіным выжылым апынуўся кіроўца. Калі б ён быў больш дасведчаным! Я праверыў усё па секундах: у яго быў час прытармазіць, выкруціць руль — і машына вылецела б у поле. Магчыма, нават перакулілася б, але хтосьці мог бы выжыць. Ён жа прызнаўся, што, замест таго каб дзейнічаць, калі ўбачыў перад сабой сцяну, ад страху страціў прытомнасць і нават тармазіць не стаў!»
Потым Яўген Сурганаў даведаўся і падрабязнасці пра кіроўцу таго самага ЛАЗа, Нядзельскага. Ён працаваў на заводзе ў Львове, пераганяў транспарт пасля афарбоўкі. Напярэдадні яго пазбавілі правоў. А ён павесіў на адзін з аўтобусаў падроблены нумарны знак, знайшоў спадарожнікаў і на выхадныя рвануў у Беларусь па танныя прадукты на Новы год.
3 сакавіка 1977 года Вярхоўны суд БССР прызнаў Нядзельскага вінаватым у аварыі і прысудзіў яго да 15 гадоў пазбаўлення волі за парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула смерць дваіх чалавек. Ён адседзеў каля 6 гадоў, а затым, трапіўшы пад амністыю, у 1983 годзе вярнуўся на радзіму, у Львоў.
Само сабой, смерць такіх высокапастаўленых асоб не магла не спарадзіць чуткі пра палітычную змову. Насамрэч жа мелі месца толькі трагічны збег абставін і грубае парушэнне правілаў суправаджэння першых асоб дзяржавы.
Чаму аварыя з Сурганавым не перасцерагла Машэрава
Праз чатыры гады пры падобных абставінах разбіўся Пятро Машэраў. Аварыя адбылася на той жа трасе, у Смалявіцкім раёне. Толькі тады наперадзе былі не аўтобусы, а два грузавікі. Адзін з іх, як і ў папярэднім выпадку, затармазіў і застаўся на праезнай частцы, а другі ўрэзаўся ў яго ззаду і выехаў на сустрэчную паласу — проста насустрач «Чайцы».
У абодвух выпадках экіпажы суправаджэння паляцелі наперад, не пераканаўшыся ў бяспецы, не пракантраляваўшы, ці спыніліся ўсе сустрэчныя аўто. Разважаючы аб прычынах трагедый, Яўген Сурганаў канстатаваў: «На жаль, і Машэраў, і мой бацька загінулі таму, што занадта мала ўвагі надавалі ўласнай свіце».
Адзін з кіроўцаў машэраўскага картэжу, Алег Слесарэнка, пазней прызнаваўся, што адступленні ад правілаў суправаджэння ў тыя гады мелі сістэмны характар. Маршруты працоўных паездак па краіне дэталёва не ўзгадняліся з ДАІ, не выстаўляліся пасты на трасах, не перакрываўся рух. Часта Машэраў сам выбіраў, куды ехаць, і мяняў маршруты па ходзе руху. Не адмаўляў сабе ў хуткай яздзе. Ці была апраўданай такая рызыка?
Гэта пытанне, на якое цяжка даць адназначны адказ. З аднаго боку, высокапрофільныя дзяржаўныя лідары часта былі вымушаныя ўлічваць аператыўную патрэбу і эканоміць час, што патрабавала гнуткасці і хуткасці. З іншага боку, такія рызыкі непазбежна павялічвалі верагоднасць трагедый.
Па словах сына Леаніда Бяды, трэба ўлічваць і тую акалічнасць, што Машэраў і набліжаныя да яго асобы часта ўспрымалі любыя абмежаванні як залішнія. Былыя франтавікі, яны не надавалі належнага значэння небяспекам у мірны час.
Даішнікам жа не хапала смеласці настаяць на выкананні элементарных правіл бяспекі, не пабаяўшыся начальніцкага гневу. Так было ў 1976-м, калі загінулі Сурганаў і Бяда, так паўтарылася і ў 1980-м, калі не стала Машэрава.