Аналітык Генштаба, які маляваў карту «адкуль рыхтавалася нападзенне», апынуўся ў СІЗА КДБ за працу на ўкраінскую разведку
«Нашай Ніве» сталі вядомы падрабязнасці арышту 33‑гадовага маёра аналітычнага ўпраўлення Генштаба Міністэрства абароны Валерыя Васільца. Спадчынны вайсковец і носьбіт ідэй рускага свету стаў двайным агентам не ідэйна, а таму што любіў прыгожае жыццё і грошы, на чым яго двойчы і падлавілі.
Валерый Васілец па цэнтры падчас службы ў Мар'інагорскай брыгадзе. Фота з «канспіратыўнай» старонкі Вконтакте на чужое імя.
Пра лёс маёра аналітычнага ўпраўлення Генштаба Міністэрства абароны Валерыя Васільца «Нашай Ніве» расказаў былы вязень, які сустракаўся з ім у СІЗА КДБ у 2024 годзе.
Васілец трапіў у СІЗА паводле падазрэння ў дзяржаўнай здрадзе (ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса Беларусі, пакаранне — ад 10 да 20 год калоніі) за супрацоўніцтва з украінскай выведкай.
З інфармацыі з баз Belpol, Валерый Васілец нарадзіўся ў Мар'інай Горцы ў 1992 годзе ў сям'і ветэрана 5‑й асобнай брыгады, старшага прапаршчыка Віталя Васільца. Адвучыўся ў мясцовай школе №5 і пайшоў па слядах бацькі, стаў афіцэрам спецыяльнага прызначэння ў Мар'інай Горцы.
Далейшы лёс маладога афіцэра вядомы з ягоных уласных слоў, расказаных сукамернікам у СІЗА КДБ, куды яго прывялі ў пачатку 2024 году збітым.
«Пачынаў службу Валерый у войску спецыяльнага прызначэння. У той жа часці, дзе служыў бацька. Але годзе ў 2018‑м няўдала скокнуў з парашутам і паламаўся. Каб яго не выкідаць з войска, яму знайшлі іншую работу, а менавіта — аналітыкам у Генеральным штабе.
На пытанне «ну, Валерык, што ты зрабіў за свае гады?» ён любіў расказваць пра карту «адкуль на Беларусь рыхтавалася нападзенне». Маўляў, гэта ён яе маляваў. Тлумачыў, што іх управа рэгулярна складае і абнаўляе такія карты, якія паказваюць, як і з якіх кірункаў іншыя дзяржавы маглі б пачаць баявыя дзеянні і як павінны былі б выглядаць дзеянні ў адказ. І таму тое, што карту вось такім прапагандысцкім чынам выкарысталі, яму дзіўна. Але ён адзін з тых, хто над ёй працаваў. Не тое, што ён гэтым моцна ганарыўся, але проста любіў паўтараць як жарт і мем», — расказалі нам.
Са слоў суразмоўцы, геапалітычнымі тонкасцямі Валерый не цікавіўся, што моцна карэлявала з артыкулам абвінавачвання. Больш за ўсё ён любіў прыгожае жыццё.
«Ідэйна ён быў на баку Расіі, верыў, што Расія перамагае, меркаваў, што [спікер расійскага Мінабароны генерал Ігар] Канашэнкаў усё правільна кажа і яго проста трэба разумець — а мы, дурныя, не разумеем».
Аляксандр Лукашэнка і тая самая «карта нападзення», да стварэння якой быў датычны Васілец. Скрыншот: БелТА
Але што ў ім сапраўды было адметнае, гэта тое, што Валера — гулец: стаўкі, казіно, анлайн-казіно. З ягоных слоў, найбуйнейшая прамантачаная за адзін раз сума — 60 тысяч рублёў. Вялікія выйгрышы таксама былі, але на доўгай дарозе ты казіно не абыграеш, вось і яму вечна былі патрэбныя грошы.
З ягонага ўласнага рэфлексійнага меркавання, украінцы выйшлі на яго шляхам супастаўлення інфармацыі, бо серверы анлайн-казіно, у якім ён гуляў, маглі быць ва Украіне. Таму што ў адзін дзень яму прыйшла «персаналізаваная прапанова»: мы ведаем, хто вы, ведаем, як і на колькі вы гуляеце, ведаем, што вам патрэбны грошы. У нас ёсць грошы, а ў вас тое, што нам трэба, давайце мяняцца», — працягвае былы сядзелец.
Валерый Васілец расказаў сукамернікам, што адразу ж пайшоў да начальства паведамляць, што яго вярбуюць.
«Кіраўніцтва загадала яму пагаджацца на сувязь. Пачалася аператыўная гульня: ён перадаваў украінцам дэзынфармацыю, а нейкую частку грошай яму дазвалялі пакідаць сабе. Але гэта былі не тыя сумы, на якія ён разлічваў. Да таго ж, украінцы таксама, відаць, разумелі, што ім перадаюць дэзынфармацыю. Яны прасілі дадаваць туды яшчэ і праўды ўзамен на павелічэнне ганарараў. І ў нейкі момант Валера надумаў зліваць не толькі тую інфармацыю, якую дазвалялі зліваць, але і тую, якую не дазвалялі. Зарабіў троху, кватэру на сваячку купіў. Але недзе пралічыўся. Як яго вылічылі, ён не расказваў, можа, сам не разумеў», — кажа суразмоўца.
«Ягоныя аператыўныя гульні яшчэ доўга працягваліся, пакуль ён сядзеў у «амерыканцы». Доўгі час ён увогуле сядзеў інкогніта. У тым сэнсе, што ў КДБ ёсць такая практыка: чалавека затрымліваюць, але нікому пра гэта не паведамляюць. Пастанова аб затрыманні выносіцца не адразу, а толькі недзе праз месяц, калі яны іншыя свае мэты дасягнуць. Вось так і з Валерам.
Я так разумею, яны чакалі, пакуль хто-небудзь выйдзе з ім на сувязь.
На працы ў яго стварылі такія ўмовы, што іншыя калегі павінны былі думаць, што ён на рабоце — нават спецыяльны чалавек ягонага целаскладу і ў ягонай вопратцы хадзіў «на працу» ў Генштаб, каб па камерах і па сілуэце, калі нехта сочыць, можна было падумаць, што гэта ён. А потым яго павезлі на Палессе «эвакуявацца» — то-бок ад яго імя ўкраінскаму боку ішлі паведамленні, што, здаецца, мяне падазраюць, я хачу ўцячы, вывезіце мяне.
Валерый Васілец. Фота з «канспіратыўнай» старонкі Вконтакте на чужое імя
Яго вадзілі гэтыя паведамленні запісваць, а ён жа барадаты — то яму было забаронена галіцца, пакуль гэтая гульня вялася. І гэта моцна раздражняла вертухаяў СІЗА КДБ, таму што ішло насуперак іх унутраным правілам, бо ўсе павінны быць і паголеныя і пастрыжаныя. Ну і вось з таго, што я зразумеў, нейкіх эвакуатараў, якія пайшлі яго забіраць, таксама арыштавалі. Але іх імёны і падрабязнасці мне невядомыя», — расказаў суразмоўца «Нашай Нівы».
{DONATE_PAYPAL}