У Пінску пенсіянерка правалілася на сваім аўто ў яму дарожнікаў. Яе яшчэ і аштрафавалі
Зрэшты, пакаралі і рабочага, вось толькі жанчыне ад гэтага не лягчэй.
На адной з вуліц Пінска праводзіліся рамонтныя работы. 43‑гадовы рабочы паленаваўся агароджваць тэрыторыю, таму пакінуў яміну як ёсць і адышоў па справах.
Міма на сваім Mitsubishi праязджала 64‑гадовая жанчына. Яе асляпіла сонца, і пенсіянерка ўехала ў яму. З ёй усё нармальна, а вось аўтамабіль атрымаў пашкоджанні.
Хто вінаваты? А ўсе.
На рабочага склалі пратакол па артыкуле 18.32 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях «Парушэнне правіл утрымання дарог, вуліц, чыгуначных пераездаў і іншых дарожных збудаванняў». Калі прызнаў віну, то атрымаў 4 базавыя велічыні штрафу.
Жанчыну пакаралі па артыкуле 18.18 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях за «парушэнне іншых правіл дарожнага руху». Штраф для яе будзе мізэрны, аднак машыну давядзецца аднаўляць за свой кошт.