У Бабруйску жанчына залезла ў дом да старога суседа і абчысціла яго халадзільнік
У Бабруйску 41‑гадовая мясцовая жыхарка вырашыла пажывіцца за кошт суседа-пенсіянера.
Як паведамляе міліцыя, жанчына спачатку нацэлілася на суседскі хлеў, спадзяючыся знайсці там хатнюю кансервацыю. Яна дачакалася, пакуль 69‑гадовы гаспадар сыдзе, прабралася ў двор і выламала дзверы ў пабудове. Аднак яе чакала расчараванне — хлеў апынуўся зусім пустым.
Бабруйчанка не пажадала сыходзіць з пустымі рукамі і заўважыла, што дзверы ў сам дом не замкнёныя. Жанчына ачысціла халадзільнік ад прыпасаў. На развітанне прыхапіла з сабой яшчэ і знойдзены ў пакоі электралобзік.
Пенсіянер, вярнуўшыся дадому і пабачыўшы пусты халадзільнік, выклікаў міліцыю. Супраць суседкі завялі крымінальную справу.