Сацыяльныя зніжкі ў беларускіх гандлёвых сетках падоўжылі яшчэ на паўгода
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і буйныя гандлёвыя арганізацыі Беларусі падпісалі пагадненне аб падаўжэнні сацыяльных зніжак для ўразлівых катэгорый насельніцтва на першае паўгоддзе 2026 года, паведаміла прэс-служба МАРГ.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Дакумент быў падпісаны на пляцоўцы мінскага гандлёвага цэнтра «Сталіца». Згодна з новымі ўмовамі сацыяльныя зніжкі да 10% будуць дзейнічаць на 29 груп тавараў першай неабходнасці, сярод якіх хлеб, мука, аўсянка і груца, макарона, мяса (ялавічына, свініна, кураціна), малочныя прадукты, яйкі, гародніна і іншыя.
Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч адзначыў, што пагадненне дзейнічае ўжо чацвёрты год, а 2026‑ы стане пятым. У адрозненне ад ранейшых разавых падаўжэнняў, цяпер зніжкі зацверджаныя адразу на паўгода.
За час дзеяння праграмы было выдадзена больш за 2,5 мільёны сацыяльных картак, а сума гэтых зніжак перавысіла 150 мільёнаў рублёў.
Чытайце таксама:
243 беларускія рэстараны і кавярні спецыялізуюцца на нацыянальнай кухні
МАРГ заклікае беларусаў кожную пятніцу размаўляць па-беларуску і слухаць беларускую музыку
МАРГ: Навагодні аліўе для беларусаў сёлета патаннеў на 2 рублі