«Пасля ўскрыцця не захоўваць». Ці азначае гэта фраза на ўпакоўцы малака, што яго трэба выпіваць адразу?
Беларусаў здзівіў і абурыў надпіс на бутэльцы малака ад магілёўскага прадпрыемства «Бабуліна крынка»: «Пасля ўскрыцця ўпакоўкі не захоўваць», пра які напісала ў Threads адна з карыстальніц. Публікацыя выклікала шырокае абмеркаванне: людзі жартавалі, што літр малака цяпер трэба ўжываць за некалькі хвілін, і сумняваліся ў якасці прадукту. Журналісты выдання «Смартпрэс» праверылі інфармацыю ў крамах і пацвердзілі — такі надпіс сапраўды ёсць. Але што ён азначае?
Фота: «Смартпрэс»
На гарачай лініі «Бабулінай крынкі» патлумачылі, што гэтая фармулёўка выкарыстоўваецца даўно і ніякіх новых зменаў не ўносілася. Сэнс у тым, што тэрмін прыдатнасці пазначаецца толькі для герметычна закрытай упакоўкі. Пасля яе адкрыцця вытворца не можа кантраляваць умовы захоўвання і, адпаведна, не нясе адказнасці за якасць прадукту.
У кампаніі адзначылі, што людзі захоўваюць малако па-рознаму: хтосьці — у халадзільніку, а хтосьці — у неналежных умовах. Акрамя таго, пасля ўскрыцця ўпакоўкі ў малако трапляюць бактэрыі з паветра, што паскарае яго псаванне. Таму ніхто з вытворцаў не пазначае, колькі дзён можна захоўваць малако пасля адкрыцця.
Такім чынам, надпіс не забараняе захоўваць малако пасля адкрыцця, але азначае, што вытворца гарантуе якасць толькі да моманту парушэння герметычнасці ўпакоўкі.
Чытайце таксама:
Беларусь сёлета была топавым рынкам збыту для многіх расійскіх прадуктаў. Што ў спісе?
У малацэ ад «Малочнага свету» заўважылі чорны асадак на дне
Ад шакаладнага сыру да вогненных бургераў: якія навінкі з'явіліся ў Беларусі
Казінае малако зробіць для вас тое, чаго больш нішто не зробіць