БЕЛ Ł РУС

У Фінскім заліве зноў пашкодзілі кабель, які звязвае Фінляндыю і Эстонію

31.12.2025 / 16:42

Nashaniva.com

У Фінскім заліве выявілі пашкоджанне аднаго з падводных кабеляў сувязі, які злучае Фінляндыю і Эстонію. Няспраўнасць зафіксавалі раніцай 31 снежня.

Фота: yle.fi

Як паведамляе кампанія Elisa, дзякуючы рэзервовай структуры сеткі інцыдэнт не паўплываў на аказанне паслуг у абедзвюх краінах. Аднак у асобных кліентаў, якія карыстаюцца арандаванымі прамымі канальнымі злучэннямі праз гэты кабель, маглі ўзнікнуць цяжкасці.

У кампаніі адзначылі, што знаходзяцца на сувязі з пацярпелымі кліентамі і ўжо задзейнічалі альтэрнатыўныя кабелі для аднаўлення злучэння. Таксама пачалася падрыхтоўка да рамонту пашкоджанага ўчастка.

На сітуацыю адрэагаваў і прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб. Ён паведаміў, што фінскія ўлады праверылі судна, якое падазраюць у датычнасці да пашкоджання падводных кабеляў у Фінскім заліве. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў памежнай службе, паліцыі, сілам абароны, рэгулятарам і іншым службам за зладжаную працу і эфектыўнае ўзаемадзеянне.

Па яго словах, улады працягваюць уважліва сачыць за развіццём падзей. Прэзідэнт падкрэсліў, што Фінляндыя гатовая да розных выклікаў бяспецы і пры неабходнасці аператыўна на іх рэагуе.

Як стала вядома, Фінляндыя затрымала судна «Фітбург» пад сцягам карыбскай астраўной дзяржавы Сэнт-Вінсэнт і Грэнадзіны, якое рухалася ў раёне пашкоджанага тэлекамунікацыйнага кабеля.

Як паведамляе выданне Yle, падазронае судна выявілі ў свабоднай эканамічнай зоне Фінляндыі патрульны карабель «Турва» і верталёт памежнай службы. Памежнікі заўважылі, што якарны ланцуг судна знаходзіцца ў вадзе. Экіпаж пасля таго папрасілі падняць якар і накіравацца ў фінскія тэрытарыяльныя воды.

Згодна з данымі сэрвісу Marinetraffic, судна зараз знаходзіцца каля ўзбярэжжа паўвострава Поркала і накіроўвалася ў ізраільскі порт Хайфа. Yle адзначае, што «Фітбург» і яго нумар IMO не ўключаныя ў афіцыйныя спісы санкцый. Аднак жа ў базе Open Sanctions судна пазначана як «цікавае», паколькі было звязана з падсанкцыйным «расійскім марскім рэгістрам суднаплаўства».

Гэта не першы падобны інцыдэнт у рэгіёне. Год таму, 25 снежня 2024 года, у Фінскім заліве таксама быў пашкоджаны падводны электракабель Estlink 2, які злучае Фінляндыю і Эстонію. Тады таксама пацярпелі два кабелі сувязі кампаніі Elisa і адзін кабель CITIC Telecom. Паводле звестак СМІ, каля месца пашкоджання знаходзіліся два судны, адно з якіх пасля затрымалі.

Пасля таго выпадку прэм’ер-міністр Эстоніі Крыстэн Міхал заявіў пра неабходнасць узмацнення абароны крытычнай інфраструктуры, не выключыўшы прыцягнення да гэтага саюзнікаў па НАТА.

Чытайце таксама:

Расійскіх вайскоўцаў падазраюць у выкарыстанні затанулага парома «Эстонія» для шпіянажу і адпрацоўкі падводных аперацый

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй

Эстонія пачала аперацыю па абароне падводнага кабеля Estlink 1

Фінляндыя выявіла сляды ад якара на дне Балтыйскага мора пасля пашкоджання кабеля

Суд у Фінляндыі вырашыў, што не мае паўнамоцтваў па справе аб пашкоджанні танкерам кабеляў у Балтыйскім моры

Каментары да артыкула