Ціханоўская расказала пра першую сустрэчу з Калеснікавай
«Я запытала яе: ці грала ўжо яна на флейце пасля вызвалення?»
Скрыншот відэазварота
Святлана Ціханоўская расказала пра першую сустрэчу з Марыяй Калеснікавай — яна адбылася падчас здымкаў навагодняга звароту.
«Маша прыехала на здымкі навагодняга звароту, і для мяне асабіста было вельмі важна запісаць яго разам. Мы ўпершыню за пяць з паловай гадоў пабачыліся сам-насам.
Маша ўсё такая ж энергічная і натхняльная — нічога не зламала яе ўнутраны свет. Я вельмі радая, што ў нас быў час пабыць разам.
Мы гаварылі пра мінулае, сучаснасць і будучыню. Гаварылі пра палітвязняў. Маша прайшла праз жахі турмы — і настроеная змагацца за вызваленне ўсіх астатніх.
Я таксама запытала яе: ці грала ўжо яна на флейце пасля вызвалення? Маша прызналася, што перажывае з гэтай нагоды, бо яшчэ не брала ў рукі свой любімы інструмент. Я сказала ёй, што вельмі спадзяюся калі-небудзь трапіць на яе сольны канцэрт, можа ў Германіі, але яшчэ лепш — у Беларусі».
У навагоднім відэазвароце, нагадаем, разам са Святланай Ціханоўскай віншаванні беларусам казалі Марыя Калеснікава, Павел Севярынец, Павел Латушка.