Трамп зладзіў раскошную навагоднюю вечарыну і пажадаў «міру на Зямлі»
Сярод шматлікіх гасцей быў прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху.
Прэзідэнт Дональд Трамп і першая лэдзі Мелані Трамп прыбываюць на святкаванне Новага года ў свой клуб Мар-а-Лага, 31 снежня 2025 года, у Палм-Біч, штат Фларыда. Фота: AP Photo/Alex Brandon
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зладзіў раскошную навагоднюю вечарыну ў сваёй сядзібе Мар-а-Лага ў Фларыдзе. Ён быў у смокінгу, а першая лэдзі ЗША Меланія ў асляпляльнай сярэбранай сукенцы. Трамп адказаў на пару пытанняў журналістаў, перш чым адправіцца на святкаванне.
Планы на 2026 год ён акрэсліў коратка — «мір на Зямлі».
Унутры перапоўненай залы Трамп сказаў гасцям, што краіна «адчувае сябе выдатна», піша The New York Post.
«Мы вярнуліся. Мы моцныя», — адзначыў Трамп.
Сярод шматлікіх гасцей быў прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху, які сустракаўся з Трампам за некалькі дзён да гэтага, каб абмеркаваць статус пагаднення аб спыненні агню ў Газе.
Таксама былі заўважаныя старэйшыя сыны прэзідэнта, Дональд Трамп-малодшы і Эрык Трамп, яго нявестка Лара Трамп. Былі некалькі чыноўнікаў адміністрацыі Трампа, а яшчэ эмірацкі мільярдэр Хусейн Саджвані, які паабяцаў інвеставаць 20 мільярдаў даляраў у амерыканскія дата-цэнтры.
Прэзідэнт Дональд Трамп прадае на аўкцыёне карціну мастачкі Ванэсы Арабуэны падчас святкавання Новага года ў сваім клубе ў Мар-а-Лага, 31 снежня 2025 года, у Палм-Біч, штат Фларыда. Фота: AP Photo/Alex Brandon
На навагоднім гала-канцэрце Трампа выступіла хрысціянская мастачка Ванеса Арабуэна, якая проста на сцэне напісала партрэт Езуса Хрыста. Карціну прадалі на дабрачынным аўкцыёне за 2,5 мільёна даляраў — грошы пойдуць мясцоваму дэпартаменту шэрыфа і дзіцячай даследчай бальніцы Сент-Джуд.