БЕЛ Ł РУС

Фізіка з Інстытута ядзерных праблем асудзілі за палітыку. Ён распрацоўваў мадэлі суперкалайдараў і перакладаў Ubuntu на беларускую

4.01.2026 / 8:26

Nashaniva.com

Віктар Гаўрылавец працаваў над складанымі праблемамі. Але яго асудзілі за тое, што лукашысты называюць «садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці».

Віктар Гаўрылавец. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Віктару Гаўрылаўцу 39 гадоў. Ён родам з вёскі Мілашавічы, што на рацэ Убарць у Лельчыцкім раёне. Віктар скончыў фізічны факультэт БДУ ў 2008 годзе, а паралельна атрымаў другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «эканамічная кібернетыка».

Апошнія гады Віктар працаваў навуковым супрацоўнікам у галіновай лабараторыі радыяцыйнай бяспекі Інстытута ядзерных праблем БДУ, дзе займаўся даследаваннямі. Ён пісаў пра матэматычнае мадэляванне фізічных працэсаў і вывучаў выпраменьванне ў крышталях.

Віктар — суаўтар публікацый для праекта Future Circular Collider (FCC). Гэта амбіцыйны праект еўрапейскага суперкалайдара, які павінен замяніць Вялікі адронны калайдар. Віктар займаўся мадэляваннем праходжання часціц праз выгнутыя крышталі.

Ягоныя працы цытуюцца ў прэстыжных міжнародных часопісах — адна з прац, у якой ён пазначаны суаўтарам, цытавалася амаль 1100 разоў, што вельмі шмат для навуковага артыкула. Агулам жа ў яго больш за 3000 цытаванняў — выдатны вынік для беларускага вучонага.

Віктар Гаўрылавец. Фота: Укантакце

Акрамя навукі, Віктар удзельнік супольнасці Open Source і папулярызатар беларускай мовы ў IT. У каментарах ён пісаў, што займаецца перакладам і інтэграцыяй інтэрфейсаў Ubuntu, Inkscape і GNOME, каб беларусы маглі камфортна карыстацца свабодным софтам на роднай мове.

Ён не толькі перакладаў, але і вычытваў тэксты іншых, тлумачачы гэта жаданнем карыстацца якасным прадуктам: «Я далучыўся, бо хацелася карыстацца Ubuntu без праблем».

Віктара судзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса Беларусі — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Напэўна, пераслед звязаны са справай Гаюна, але дакладна гэта не вядома.

«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць падпіскі на незалежныя каналы, СМІ, наяўнасць спасылак на іх у сацыяльных сетках ці наяўнасць у сацсетках ці на рэчах беларускай нацыянальнай, далукашэнкаўскай сімволікі. Да «экстрэмізму» адносяць таксама практычна любую крытыку ўладаў, афіцыйных гістарычных наратываў ці праявы салідарнасці з Украінай. «Экстрэмісцкімі» лічацца і непадкантрольныя ўладам віды дзейнасці. У прыватнасці, улады задняй датай крыміналізавалі збор інфармацыі пра актыўнасць расійскіх войскаў у Беларусі падчас нападу на Украіну ў 2022 годзе, які праводзіла ініцыятыва «Беларускі Гаюн». У бот Гаюна пісалі тысячы людзей, цяпер усіх іх шукаюць.

Рэпрэсіі рознага роду закранулі ўжо каля 150 тысяч чалавек, яшчэ некалькі соцень тысяч вымушаныя былі пакінуць Беларусь.

Гаўрылаўцу прысудзілі хатнюю хімію.

Чытайце таксама:

Першага сакратара пасольства Беларусі ў ЗША пасадзілі за палітыку

Што можа пагражаць тым, хто пісаў у бот «Беларускага Гаюна»? І што можна зрабіць цяпер

У Мазыры за палітыку асудзілі мясцовага прадпрымальніка — аднаго з нешматлікіх уласнікаў электрамабіля ў горадзе

Каментары да артыкула