Зяленскі: «Калі з дыктатарамі можна вось так, то ЗША ведаюць, што рабіць далей»
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў вайсковую аперацыю ЗША ў Венесуэле, у выніку якой былі схопленыя і вывезеныя з краіны прэзідэнт Нікалас Мадура з жонкай Сіліяй Флорэс.
Брыфінг 3 студзеня. Фота з тэлеграм-канала прэзідэнта Украіны
«Ну што я магу сказаць. Калі з дыктатарамі можна [абыходзіцца] вось так, то Злучаныя Штаты Амерыкі ведаюць, што ім рабіць далей», — заявіў Зяленскі з іроніяй на брыфінгу для прэсы.
Зяленскі не стаў тлумачыць, каго мае на ўвазе. Украінскія СМІ робяць выснову, што ён намякаў на Уладзіміра Пуціна.
Раней кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга заявіў, што Украіна не прызнае легітымнасці рэжыму Нікаласа Мадуры праз фальсіфікацыю выбараў і гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў. «Мы выступаем за далейшае развіццё падзей у адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права, надаючы прыярытэтную ўвагу дэмакратыі, правам чалавека і інтарэсам венесуэльцаў», — напісаў ён у сацсетцы Х.