Беларусь паставіла ў Расію так шмат малака, што столькі і не трэба
Расія ў цэлым цалкам забяспечаная асноўнымі прадуктамі харчавання ўласнай вытворчасці, а на рынку малака нават назіраецца лішак — у тым ліку дзякуючы пастаўкам з Беларусі. Пра гэта паведаміла намесніца старшыні камітэта Дзярждумы па аграрных пытаннях Юлія Аглобліна.
Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацыяльных сетак
Па словах дэпутаткі, па ключавых напрамках харчовай бяспекі патрэбы Расіі закрытыя: гаворка ідзе пра збожжа, сланечнікавы алей, цукар і мяса. Разам з тым яна пакуль не дасягае запланаваных паказчыкаў самаабеспячэння па гародніне, садавіне, ягадах, а таксама па малацэ і малочных прадуктах.
Аднак, як адзначыла Юлія Аглобліна, дзякуючы супрацоўніцтву з Беларуссю праблем з малочнай прадукцыяй няма. Больш за тое, зараз назіраецца яе перанасычэнне. Прадстаўнікі галіны, у тым ліку з аб’яднання «Саюзмалако», паведамлялі, што ў краіне назапасілася значная колькасць малака і малочных прадуктаў.
У той жа час, па словах, дэпутаткі, Міністэрства сельскай гаспадаркі Расіі імкнецца пазбавіцца гэтай залежнасці. Асноўная ўвага цяпер надаецца росту прадукцыйнасці дойнага статка і развіццю буйных індустрыяльных малочных комплексаў. Малочная жывёлагадоўля пры гэтым мае прыярытэт у сістэме расійскай дзяржаўнай падтрымкі і льготнага крэдытавання.
Чытайце таксама:
Беларусь сёлета была топавым рынкам збыту для многіх расійскіх прадуктаў. Што ў спісе?
У малацэ ад «Малочнага свету» заўважылі чорны асадак на дне
Ад шакаладнага сыру да вогненных бургераў: якія навінкі з'явіліся ў Беларусі