Два хлебазаводы сталі выпускаць хлеб з фіялетавай пшаніцы
У Мінскай вобласці ў 2025 годзе пачалі выпякаць хлеб з прарошчанай фіялетавай пшаніцы. Пра гэта паведамілі на Барысаўскім камбінаце хлебапрадуктаў, піша БелТА.
Фота ілюстрацыйнае
Як адзначаецца, у адной з гаспадарак прадпрыемства было засеяна 20 гектараў яравой фіялетавай пшаніцы. Насенне завезлі з Омскай вобласці. Спецыялісты тлумачаць, што гэтая пшаніца адрозніваецца не толькі незвычайным фіялетавым колерам зерня, але і высокім утрыманнем антацыяну — прыроднага антыаксіданту, які станоўча ўплывае на здароўе чалавека.
Фіялетавую пшаніцу вырашылі выкарыстоўваць для вытворчасці хлеба на двух хлебазаводах прадпрыемства — у Салігорску і Вілейцы. У Салігорску распрацавалі рэцэпт хлеба з утрыманнем 67% прарошчанай фіялетавай пшаніцы, які атрымаў назву «Хажоўскі зернавы». У Вілейцы пачалі выпякаць хлеб «Дар зямлі», у склад якога ўваходзіць 15% прарошчанага зерня гэтай культуры.
Назвы новай прадукцыі прыдумалі самі работнікі камбіната. Першыя партыі хлеба з фіялетавай пшаніцы паступілі ў продаж у снежні 2025 года, а прэзентацыя і першая дэгустацыя адбыліся яшчэ ў верасні падчас абласнога свята «Дажынкі» ў Заслаўі.
Чытайце таксама:
У Барысаве збіраюцца выпякаць фіялетавы хлеб
Беларускія навукоўцы вырасцілі пшаніцу фіялетавага колеру
У Лунінецкім раёне прадаюць хлеб з сацыяльнай рэкламай ФОТАФАКТ
У Ляхавічах патлумачылі, хто вінаваты, што хлеб з мясцовага хлебазавода выйшаў як клей