БЕЛ Ł РУС

Жанчына набыла ў фірмовай краме «Беліты» падарункавы сертыфікат. У іншай краме яго не прынялі

4.01.2026 / 22:54

Nashaniva.com

Жыхарка Пінска расказала ў сацсетках, што купіла падарункавы сертыфікат у фірмовай краме «Беліта» і падарыла яго маці. Аднак у іншай краме гэтага самага брэнду, ужо ў Магілёўскай вобласці, сертыфікат прымаць адмовіліся. Афіцыйнаму акаўнту «Беліты» ў Threads давялося тлумачыць сітуацыю, піша Telegraf.news.

Фота ілюстрацыйнае

Жанчына абурылася, што пра абмежаванні яе ніхто загадзя не папярэдзіў: сертыфікат быў набыты ў Пінску, а выкарыстаць яго ў Асіповічах не дазволілі, патлумачыўшы, што там прымаюцца толькі сертыфікаты, выдадзеныя ў межах Магілёўскай вобласці.

Прадстаўнік кампаніі растлумачыў, што крамы ў Брэсцкай і Магілёўскай абласцях належаць розным юрыдычным асобам. З-за гэтага сертыфікаты, набытыя ў адных прадстаўнікоў, сапраўды нельга выкарыстоўваць у іншых. У «Беліце» сцвярджаюць, што такая інфармацыя павінна пазначацца на саміх сертыфікатах і на сайце, а таксама паведамляцца падчас продажу.

Аднак гэта тлумачэнне не задаволіла пакупніцу. Яна адзначыла, што пры куплі ёй сказалі, нібыта сертыфікат дзейнічае ў любой фірмовай краме. Што было напісана на самім сертыфікаце, дакладна невядома, бо яго фота не апублікавалі.

Іншыя карыстальнікі таксама выказалі незадаволенасць, назваўшы такую практыку недапушчальнай у 2026 годзе.

На сайце «Беліты» пазней знайшлі інфармацыю, што пералік крамаў, дзе можна выкарыстаць сертыфікат, пазначаны на яго адваротным баку, а сам сертыфікат без пячаткі, подпісу прадаўца і чэка лічыцца несапраўдным.

Гэтая гісторыя паказала, што падарункавыя сертыфікаты «Беліты», набытыя ў адным рэгіёне Беларусі, могуць не прымацца ў іншым, нягледзячы на аднолькавыя шыльды крамаў. Каб не сутыкнуцца з праблемамі, пакупнікам, аказваецца, трэба звяртаць увагу не толькі на брэнд, але і цікавіцца, якая юрыдычная асоба на якой тэрыторыі ім кіруе.

Чытайце таксама:

«Выдалі каўбасу, якую мы не ямо». Як на беларускіх прадпрыемствах віншуюць з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі

Якія часы, такія і прэзенты: у беларускіх аптэках можна набыць падарункавыя сертыфікаты

Крама адмовілася прыняць падарункавы сертыфікат без чэка. Ці законна гэта?

Крама адзення ў Мінску прадае падарункавы сертыфікат на 5000 рублёў

Каментары да артыкула