БЕЛ Ł РУС

Рыта Дакота набыла дом за некалькі мільёнаў даляраў каля Галівуда

5.01.2026 / 16:16

Ганна Стафановіч

Беларуская спявачка Рыта Дакота разам з мужам Фёдарам Белагаем плануюць нарадзіць дзіця, таму вырашылі набыць агульную нерухомасць — у ЗША.

Рыта Дакота з другім мужам. Тут і далей скрыншоты яе інстаграма

Амаль год артыстка расказвае падпісчыкам у інстаграме, што думае пра тое, каб нарадзіць другое дзіця. У Рыты ўжо ёсць дачка Мія ад першага шлюбу з расійскім спеваком Уладам Сакалоўскім.

Раней спявачка казала, што яны з Фёдарам Белагаем былі ўпэўнены: ім у сям’і хопіць аднаго дзіцяці. Тым больш, у Міі вельмі добрыя адносіны з айчымам. Але ж у выніку муж з жонкай прыйшлі да думкі, што ўсё ж хочуць павелічэння сям'і.

Мабыць, момант для гэтага сапраўды даволі зручны — праз забарону на выступы ў Беларусі і Расіі Рыта вымушана паставіла працу на паўзу. Затое цяпер яна вучыцца музыцы ў сусветна вядомых майстроў узроўню Эда Шырана.

Пара разам ужо 6 гадоў. Рыта расказала ў сторыс, што і ў Фёдара, і ў яе ёсць свая нерухомасць, а вось агульнай не было: «Мы шмат працавалі гэтыя гады над агульным праектам, зарабілі грошы разам, але амаль не трацілі, жылі даволі сціпла (укладвалі толькі ў творчасць, у дадатак і на дапамогу сваякам). Ніякіх сумак «Біркін», палётаў джэтамі і гэтак далей. Мы асэнсавана збіралі на агульны дом».

Узнікла пытанне, у якой краіне набыць дом. Зразумела, што Беларусь і Расія на гэты момант не варыянт. Рыта і Фёдар любяць Балі, але палічылі, што значна больш магчымасцяў для ўсіх ёсць менавіта ў ЗША. Васьмігадовая Мія, напрыклад, марыць стаць актрысай — а гэта ўсё ж прасцей зрабіць, калі жывеш у Лос-Анджэлесе.

У каментарах Рыта тлумачыла, што ў яе віза талентаў, таму яна можа легальна жыць і працаваць у Амерыцы.

Бюджэт сям’і на пакупку нерухомасці складаў некалькі мільёнаў даляраў. Напрыклад, адзін з дамоў, які пры праглядзе Рыта палічыла занадта амерыканскім для сябе, каштаваў $2,43 мільёна. Другі, які спявачцы падаўся падобным да іспанскай таверны, прадавалі за амаль за $2,5 мільёна.

Гэты дом Дакоце не спадабаўся

Муж з жонкай глядзелі дамы і на знакамітых галівудскіх пагорках, але ж засталіся расчараваныя, бо за вялікія грошы там прапаноўвалі даволі старыя дамы з не найлепшым рамонтам.

«Трэба больш зарабляць, тады і дамы будуць крышачку таннейшыя», — рэзюмаваў Фёдар.

У выніку сям’я абрала для жыцця дом у горадзе Вэст Галівуд — гэта горад, які мяжуе з сусветна вядомым раёнам Лос-Анджэлеса Галівудам. Але ж Вэст Галівуд лічыцца нават больш бяспечным і элітным месцам праз тое, што там значна менш турыстаў ды бяздомных.

Дакота ўжо апублікавала і рум-тур. Спявачцы спадабалася вялікая зона гасцёўні, высокія столі, майстар-спальня з гардэробам і выхадам у сад, дзе расце нават лімоннае дрэва. Рыта жартуе, што менавіта яно і стала галоўным аргументам за тое, каб набыць гэты дом. Спявачка пагадзілася заплюшчыць вочы на невялікі задні двор.

View this post on Instagram

A post shared by Rita Dakota (@ritadakota_life)

Артыстка назвала асабняк домам мары і прызналася: нягледзячы на тое, што ў ЗША звычайна нерухомасць прадаюць пустой, яны вырашылі набыць дом з усёй мэбляй і нават посудам.

Рыта дадала, што ў адным рылсе не атрымалася паказаць яшчэ спальню будучага дзіцяці, гасцявы дом і яе студыю, ды шмат чаго іншага. 

Чытайце таксама:

Спявачка Рыта Дакота вучыцца разам з мужам на хрысціянскага псіхолага

Рыту Дакоту абвінавацілі, што яна тэрмінова распрадала нерухомасць у Расіі амаль на $2 мільёны. Яна адказала

Беларуская спявачка Рыта Дакота атрымала расійскае грамадзянства пасля ўварвання Расіі ва Украіну

Каментары да артыкула