БЕЛ Ł РУС

Анархіст Дзядок пра аперацыю ў Венесуэле: Вялікая дубінка ў добрых руках

5.01.2026 / 22:11

Вінцэсь Клепачэня

Гучнаму затрыманню прэзідэнта Венесуэлы і яго жонкі спецназам ЗША блогер Мікола Дзядок прысвяціў вялікі тэкст. Паводле яго меркавання, гэтая падзея адносіцца да тых, якія зменяць геапалітычны расклад у свеце.

Нікаласа Мадура вядуць на суд. Фота: XNY / Star Max / GC Images

Відавочныя наступствы

1. На погляд блогера, Дональд Трамп фактычна рэанімаваў дактрыну Джэймса Манро. Гэта азначае, што ЗША зноў афіцыйна разглядаюць Заходняе паўшар’е як зону свайго выключнага кантролю.

2. Гэтая аперацыя стала выразнай заявай — як для саюзнікаў, так і для ворагаў — аб тым, што Вашынгтон гатовы выкарыстоўваць узброеную сілу для адстойвання сваіх інтарэсаў, нягледзячы на папярэднія размовы пра ізаляцыянізм.

3. Гэтая аперацыя паказала падзенне аўтарытэту Расіі і, у цэлым, «цемрашальскага інтэрнацыяналу» Расія — Кітай — Паўночная Карэя — Куба. Ніводная з краін не гатовая бараніць сваіх ва ўмовах хоць якой-небудзь рызыкі.

А «хвалёнае АДКБ годнае хіба для падаўлення народных паўстанняў (…) але ніяк не да вайсковай канфрантацыі з узброенымі сіламі іншай краіны».

Права моцнага

Асаблівую ўвагу Дзядок удзяляе маральнаму і юрыдычнаму аспекту інтэрвенцыі. Ён прызнае, што «права моцнага» — гэта рэгрэс, але задае вострае пытанне пра эфектыўнасць сучасных нормаў. На думку блогера, «бенефіцыярамі міжнароднага права сёння нярэдка робяцца людажэрскія дыктатуры: яны карыстаюцца ім як шчытом ад адказнасці за здзейсненае».

Дзядок нагадвае, што ў гісторыі міжнародных адносін хапае сітуацый, калі, кіруючыся міжнародным правам, міжнародная супольнасць марудзіла з прымяненнем сілы, што прыводзіла да катастрафічных наступстваў. Найбольш яскравы прыклад — генацыд у Руандзе.

«Узнікае пытанне: для чаго патрэбнае міжнароднае права, калі не для абароны жыццяў і базавых правоў людзей? І калі яно не спраўляецца з гэтай роляй, мажліва, яго трэба мяняць?» — піша блогер.

Ён падкрэслівае, што ва ўмовах высокатэхналагічных сістэм кантролю ды яшчэ з такой-сякой знешняй падтрымкай дыктатуры могуць існаваць дзесяцігоддзямі (Венесуэла — 27 гадоў, Беларусь — 32 гады, Паўночная Карэя — 73 гады), і для народаў такіх краін замежная інтэрвенцыя часам застаецца «ледзь не адзіным шансам на свабоду і годнае жыццё».

Мікола Дзядок у Вільні, 14 верасня 2025 года. Фота: spring96.org

А што з Мадура?

Як даводзіць Дзядок, арышт Мадура — гэта не проста палітычны ход, а вынік крымінальнага расследавання, пачатага яшчэ пры Джо Байдэне ў 2020 годзе. Сям’я Мадура абвінавачваецца ў кіраўніцтве «Картэлем Сонцаў», які пастаўляў сотні тон какаіну ў ЗША.

Акрамя наркагандлю, не менш жудасна выглядае сітуацыя з правамі чалавека ў Венесуэле. За апошнія 12 гадоў у краіне адбыліся 4 буйныя хвалі пратэстаў. Падчас іх на вуліцах было забіта, па розных ацэнках, ад 241 да 319 чалавек. На сённяшні дзень у Венесуэле каля 1000 палітвязняў.

У 2021 годзе Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне ў дачыненні да рэжыму Мадура па абвінавачанні ў злачынствах супраць чалавечнасці.

Дзядок адзначае прынцыповую розніцу паміж метадамі ЗША і дыктатур: Мадура не быў ліквідаваны ракетай ці атручаны, яго даставілі ў суд Нью-Ёрка для законных юрыдычных працэдур.

«Мы знаходзімся, пакуль што, у сітуацыі, дзе на ўзроўні планеты права моцнага знаходзіцца на баку дэмакратычнай краіны, заснаванай на фундаменце хрысціянскіх каштоўнасцяў, у якой правы чалавека — не пусты гук. Ці варта нам гараваць з гэтай нагоды, улічваючы, што канкурэнтамі ў гэтай гонцы выступаюць Расія і Кітай? На гэтае пытанне хай кожны адкажа сам», — заўважае блогер.

Адміністрацыя Трампа — праваабаронцы?

Блогер абвяргае папулярны міф, што ЗША ўварваліся ў Венесуэлу дзеля нафты. Паводле яго слоў, здабыча нафты там патрабуе гіганцкіх укладанняў у разбураную інфраструктуру, а ЗША і так маюць дастаткова ўласных рэсурсаў.

Сапраўдная прычына — Кітай. Падчас чарговага эканамічнага крызісу ў Венесуэле Кітай выдзеліў рэжыму Мадура грошы пад заклад будучых паставак нафты. І на сёння да 65% імпарту венесуэльскай нафты і львіная доля валютнай выручкі Венесуэлы — гэта пастаўкі ў Кітай. З улікам дэградацыі эканомікі Венесуэлы Кітай мог проста выкупіць усю яе нафтавую прамысловасць.

Як даводзіць Дзядок, Трамп дзейнічаў на апярэджанне, каб не даць Кітаю стаць сусветным прамысловым лідарам за кошт венесуэльскіх рэзерваў.

Дадатковымі матывамі аперацыі аўтар называе прадухіленне паставак цяжкіх наркотыкаў у ЗША, ліквідацыю каналаў фінансавання ХАМАС ды Ірана за кошт грошай ад гандлю наркотыкамі, што пастаўляліся праз Венесуэлу, а таксама жаданне Трампа атрымаць «лёгкую і прыгожую геапалітычную перамогу» на фоне крытыкі яго палітыкі ў дачыненні да Расіі.

Партыя какаіну, канфіскаваная Берагавой аховай ЗША. 19 лістапада 2025 года. Фота: AP Photo / Rebecca Blackwell

Што будзе з дэмакратыяй?

На погляд блогера, тое, што чавісты пакуль застаюцца пры ўладзе, — гэта не здрада ідэалам дэмакратыі, а тонкая тактыка. Трамп і Рубіа пасылаюць сігнал элітам: пачынайце перамены самі, каб пазбегнуць грамадзянскай вайны. І віцэ-прэзідэнтка Дэлсі Радрыгес ужо дэманструе гатоўнасць да супрацоўніцтва з ЗША.

«Відавочна, бягучая адміністрацыя Трампа палічыла такі крок больш прадуктыўным, чым проста зараз вяртаць на штыхах Марыю Карыну Мачада і Эдмунда Гансалеса», — заўважае блогер.

Яшчэ адным непублічным наступствам аперацыі ЗША ў Каракасе, на погляд Дзядка, «будуць актыўныя змены як у знешняй, гэтак і ва ўнутранай палітыцы шэрагу іншых дыктатараў. Лукашэнка — не выключэнне».

Чытайце таксама:

Як венесуэльскія банды і афрыканскія джыхадзісты завальваюць Еўропу какаінам

Мадура на судзе не прызнаў віны ў наркатэрарызме

Мадура прапаноўвалі выехаць у Турцыю, але ён не пагадзіўся

«Як толькі дыктатуры сутыкаюцца з рэальнай сілай, яны хутка церпяць паразу»

Каментары да артыкула