«Як толькі дыктатуры сутыкаюцца з рэальнай сілай, яны хутка церпяць паразу»
Зусім нядаўна Аляксандр Лукашэнка радасна анансаваў хуткую сустрэчу з Дональдам Трампам. Аднак цяпер, можна меркаваць, ён калі і чакае такой сустрэчы, то з вялікай асцярогай і падазрэннем. Перад вачыма стаіць выява затрыманага кіраўніка Венесуэлы Нікаласа Мадура, якога ў кайданках вядуць у амерыканскі турэмны ізалятар. Што ні кажы, а лёс дыктатараў не салодкі, піша на «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.

Паралелі паміж Беларуссю і Венесуэлай
Даволі паказальна, што падзеі ў далёкай Венесуэле моцна ўзбудзілі беларускую супольнасць — як улады, так і іх апанентаў. І гэта не выпадкова, бо вельмі ўжо празрыстыя паралелі ўзнікаюць. Сітуацыя ў Беларусі і Венесуэле даволі падобная. І там і там існавалі дыктатарскія рэжымы, якія атрымалі электаральныя паразы і ўтрымлівалі ўладу з дапамогай сілы насуперак волі народа. У абодвух краінах адбываліся палітычныя рэпрэсіі, масавая эміграцыя.
Гэтаму спадарожнічала агрэсіўная антыамерыканская, антызаходняя рыторыка. Нікалас Мадура абвясціў народныя пратэсты спробай ЗША ажыццявіць дзяржаўны пераварот. Як гэта падобна на тое, як Аляксандр Лукашэнка тлумачыць падзеі 2020 года. Абодва рэжымы арыентаваліся на Расію, Кітай, прытрымліваліся курсу на стварэнне антызаходняга «інтэрнацыяналу», саюзнічалі з Іранам, Кубай, сябравалі між сабой.
Але ёсць і адрозненне. Рэжым Мадура давёў краіну да сацыяльна-эканамічнага калапсу. Ён не ў стане выконваць элементарныя дзяржаўныя функцыі для падтрымання жыццядзейнасці грамадства. Краіна з найбольшымі ў свеце запасамі нафты апынулася ў стане развалу эканомікі, інфляцыі ў мільён працэнтаў, дэфіцыту тавараў першай неабходнасці, голаду, велізарных чэргаў у крамах, карткавай сістэмы (нават туалетная папера размяркоўвалася па картках), рэгулярных рабаванняў і маштабнай злачыннасці. Каля 8 мільёнаў чалавек збеглі з краіны пасля 2014 года (насельніцтва Венесуэлы ў 2023 годзе — 30 млн чалавек. — «Радыё Свабода»), што з’яўляецца адным з найбуйнейшых міграцыйных крызісаў у свеце.
Тым не менш, нават на гэтым фоне рэжым Мадура выявіў неверагодную палітычную выжывальнасць. Часткова таму, што займаўся гандлем наркотыкамі.
Шматпалярны беспарадак і права моцнага
У гэтай вайсковай аперацыі ЗША супраць Венесуэлы шмат аспектаў. Яна дае падставу вывесці некалькі важных урокаў.
Калі пачалася агрэсія Расіі супраць Украіны, праціўнікі Захаду радаваліся, што, маўляў, скончылася эпоха заходняга дамінавання, цяпер замест аднапалярнага свету з’явіўся шматпалярны парадак.
Аднак рэальнасць аказалася крыху іншай. На змену аднапалярнаму парадку з’явіўся не шматпалярны парадак, як меркавалася, а шматпалярны беспарадак.
Некаторыя эксперты прарочылі, што расійская агрэсія адчыняе скрыню Пандоры. Замест міжнароднага права, «парадку, заснаванага на правілах», пачынае дзейнічаць права моцнага. Цяпер амаль «усё дазволена».
Апошнія падзеі вакол Венесуэлы сталі гучным рэхам расійска-ўкраінскай канфрантацыі. Калі ўжо пачалася вайна без правіл, ЗША паказалі ўсім сваім праціўнікам, што можна і так.
Чаму міжнародная легітымнасць мае значэнне
Галоўным абгрунтаваннем сваёй аперацыі ЗША зрабілі абвінавачанне рэжыму Мадура ў пастаўках наркотыкаў у ЗША. Але не толькі. Важным матывам сталі закіды на адрас венесуэльскіх уладаў у дыктатарстве. Дональд Трамп казаў, што тамтэйшы рэжым несправядлівы «ў адносінах да ўласнага народу». Вядома, што падчас задушэння пратэстаў толькі апошнімі гадамі там загінула шмат людзей.
І вось тут раптам на паверхню выходзіць такая, на першы погляд, эфемерная катэгорыя, як міжнародная легітымнасць. Звяртае на сябе ўвагу, што дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа падзяліўся сваім твітам паўгадовай даўніны, у якім заяўляў, што ЗША не лічаць Мадура легітымным кіраўніком дзяржавы: «Ён — кіраўнік наркакартэлю, які захапіў краіну».
Цяпер амерыканцы кажуць: мы захапілі не законнага прэзідэнта Венесуэлы, а ўзурпатара, да таго ж кіраўніка наркакартэлю.
Што ў сухой рэшце? Апошнімі гадамі дыктатуры ў барацьбе з дэмакратыяй дэманстравалі сілу. І даволі паспяхова.
Вось нарэшце і дэмакратыя паказала сілу. Днямі Трамп папярэдзіў кіраўніцтва Ірана, што калі тамтэйшыя ўлады пачнуць масава расстрэльваць людзей, то ЗША могуць умяшацца.
Аперацыя супраць Мадура надала важкасць гэтаму папярэджанню. Дыктатарам усяго свету паказалі, што з імі можна абысціся і так.
3 студзеня Дональд Трамп апублікаваў у сацсетцы Truth Social першае фота затрыманага Нікаласа Мадура на борце амерыканскага авіяносца.
Уразлівасць дыктатур
У чыста тэхнічным плане амерыканскія вайскоўцы прадэманстравалі высокую эфектыўнасць. Захапілі і вывезлі дыктатара са сталіцы Венесуэлы практычна без бою, як на трэніроўцы. Асабліва на фоне расійскай агрэсіі супраць Украіны, якая загразла на чатыры гады. Ёсць з чым параўноўваць.
Гісторыя з захопам Мадура ў чарговы раз паказала: як толькі дыктатуры сутыкаюцца з рэальнай сілай, яны хутка церпяць паразу, амаль не аказваюць супраціву. Яны моцныя толькі ў вайне з бяззбройным народам.
І дзе былі войскі, шматлікія спецслужбы Мадура? Куды падзелася яго бліжэйшае атачэнне? Усё развалілася, як картачны дамок.
Так часта адбываецца з дыктатарскімі рэжымамі, моц якіх чыста вонкавая, грунтуецца на блефе. Напрыклад, у 2003 годзе войска іракскага дыктатара Садама Хусэйна налічвала сотні тысяч вайскоўцаў, але здалося сілам міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША практычна без бою.
Вельмі дарэчы пытанне: дзе падзеліся саюзнікі рэжыму Мадура? Чаму не ўмяшаліся Расія, Кітай, якія пастаўлялі туды зброю? Дарэчы, і Беларусь прадавала Венесуэле сродкі супрацьпаветранай абароны.
Можна ўзгадаць, што летась Расія пакінула на волю лёсу рэжым Башара Асада ў Сірыі, не дапамагла свайму хаўрусніку Ірану падчас нядаўняй вайны гэтай краіны з Ізраілем і ЗША. І ці прыйдзе Масква на дапамогу рэжыму Лукашэнкі ў нейкай крытычнай сітуацыі?
«Не гуляйце ў гульні з Трампам»
Дональд Трамп узгадаў яшчэ адну крыўду на рэжым Чавеса—Мадура. Той выгнаў амерыканскія нафтавыя кампаніі з венесуэльскага рынку. Фактычна бізнэс ЗША там «кінулі».
І тут з’яўляюцца цікавыя паралелі. Падчас нядаўніх перамоў са спецпасланнікам Трампа Джонам Коўлам Лукашэнка прапанаваў амерыканцам увайсці акцыянерамі ў кампанію «Нетры Нежын», якая займаецца здабычай калію. За апошнія 30 гадоў назапашана вялікая практыка, як існы рэжым «разбіраўся» з замежнымі кампаніямі, колькі з іх беларускія ўлады «кінулі». Калі амерыканцы пагодзяцца з прапановай адносна калію, то тут можа завязвацца канфліктны вузел. У што гэта можа выліцца, паказваюць апошнія падзеі ў амерыкана-венесуэльскіх адносінах.
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа прапанаваў зафіксаваць яшчэ адзін урок з амерыканскай аперацыі супраць Мадура. «Не гуляйце ў гульні з гэтым прэзідэнтам», — сказаў ён пра Трампа.
Сапраўды, гульня ў кошкі-мышкі са звышдзяржавай небяспечная. Не варта забывацца на суадносіны сіл. Здаецца, у Лукашэнкі дагэтуль былі ілюзіі, што гэта гульня на роўных. Ён прывык гуляць з пазіцыі сілы, адмаўляцца ад узятых абавязацельстваў, не выконваць тое, што абяцаў. З такім наборам правіл ён і ўступіў у перамоўны працэс з ЗША. Лёс Нікаласа Мадура павінен стаць пагрозлівым папярэджаннем.
Аперацыя ЗША ў Венесуэле паламала гульню Лукашэнкі
Амерыканская аперацыя ў Венесуэле, імаверна, стала шокам для Лукашэнкі, паламала яго палітычнае пазіцыянаванне. Сутыкнуліся два падыходы, якія знаходзяцца ў прынцыповай супярэчнасці.
З аднаго боку, Лукашэнка катэгарычна супраць гвалтоўнай змены ўлады, асабліва дыктатарскай. Для яго любая ўлада — рэч сакральная, і замах на яе ёсць блюзнерствам. Ён абараняў усіх дыктатараў, шмат каму прапаноўваў палітычны прытулак (Слабадану Мілошавічу, Садаму Хусэйну, Віктару Януковічу). Прытуліў у сябе былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева. Заяўляў пра гатоўнасць прыняць і Мадура, назваўшы яго ў нядаўнім інтэрв’ю «гераічным мужыком». Лукашэнка заўсёды прымярае лёс дыктатараў на сябе.
Але ёсць і іншы бок. У 2025 годзе Лукашэнка намацаў стратэгію, якая павінна была дапамагчы вырашэнню міжнародных праблем, найперш у адносінах з Захадам. Ён зрабіў стаўку на Трампа, прэзентаваў сябе паслядоўным трампістам. Прэзідэнт ЗША, ва ўяўленні Лукашэнкі, выступаў у ролі своеасаблівай сценабітнай машыны, якая павінна была разбурыць заходні мур. Здавалася б, знайшлі агульную мову, заснаваную на прагматызме, а не на дыскусіі аб правах чалавека.
І так усё добра пачыналася, як раптам здарыўся «казус Мадура». Ён збіў усю праграму. І рэжым замітусіўся. Афіцыйна заяўлены пратэст супраць дзеянняў ЗША, выказана падтрымка Венесуэле. Але неяк дзіўнавата. МЗС Беларусі асудзіла «ўзброеную агрэсію» супраць Венесуэлы, не згадаўшы, ад каго яна зыходзіла. Потым было тэлефанаванне міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова венесуэльскаму калегу. Была адпаведная заява старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталлі Качанавай.
Таксама з’явілася кароткая, з аднаго сказа, рэпліка Лукашэнкі, якую перадалі БелТА і тэлеграм-канал «Пул першага»: «Прэзідэнт Беларусі КАТЭГАРЫЧНА асуджае акт амерыканскай агрэсіі супраць Венесуэлы». Аднак самога кіраўніка на экране з гэтай нагоды не паказалі. Больш за тое, і на афіцыйным сайце Лукашэнкі гэтай рэплікі няма. То-бок рэакцыя нібы ёсць, але нейкая сарамлівая, прыхаваная.
Зусім нядаўна Лукашэнка радасна анансаваў сваю хуткую сустрэчу з Трампам. Аднак цяпер, можна меркаваць, ён калі і чакае такой сустрэчы, то з вялікай асцярогай і падазрэннем. Бо перад вачыма стаіць выява затрыманага кіраўніка Венесуэлы Нікаласа Мадура, якога ў кайданках вядуць у амерыканскі ізалятар. Што ні кажы, а лёс дыктатараў не салодкі.
«Дзеянні Трампа — учынкі не дэмакрата, закутага ў браню, а дзеянні вельмі крутога пацана ў адносінах з проста крутымі»
ЗША гатовыя пакінуць уладу паплечнікам Мадура, бо «большасць апазіцыі не знаходзіцца ў Венесуэле»
Трамп хоча здабываць нафту ў Венесуэле. Наколькі гэта рэальна і каму яна дастанецца?
Жонка дарадцы Трампа апублікавала карту Грэнландыі ў колерах сцяга ЗША
Новы мэр Нью-Ёрка публічна пасварыўся з Трампам праз Мадура
Каментары
⚪🔴⚪Беларусь знаходзіцца паміж НАТА ( які вырабляе каля 60% сусьветнага ВУП) і Маскоўскай імперыяй ( менш за 1%) . З аслабленьнем Маскоўскай імпэрыі праз вайну ва Ўкраіне Крамлю патрэбная бясьпечная мяжа, каб пазьбегнуць прамога сутыкненьня з Захадам. У гэтай сытуацыі нейтральная Беларусь магла б стаць ключавой буфэрнай дзяржавай ў Еўропе , якая гарантуе стабільнасьць і пакой усім суседзям. 3 Прыклады з гісторыі : У 1955 годзе Захад і Бальшавіцкая імпэрыя падпісалі Аўстрыйскую Дамову, праз якую Аўстрыі: «была нададзеная незалежнасьць і адбылося вывад усіх акупацыйных войскаў у абмен на абавязак Аўстрыі да вечнага нейтралітэту». І гэтая дамова дзейнічае нават сёньня, 40 гадоў пасьля краху бальшавіцкай імпэрыі. . Калі бальшавікі акупавалі Манголію, яны маглі яе анэксаваць і «маскоўфікаваць», як яны зрабілі з многімі іншымі дзяржавамі і народамі. Але замест гэтага яны пакінулі Манголію як буфэрную дзяржаву з Кітаем, разумеючы, што гэта для іх найлепшае рашэньне. Гэта зрабіла мяжу з Кітаем удвая карацейшай, і нават сёньня Маскоўская імпэрыя мае добрыя дачыненьні з Манголіяй. Іншы прыклад, Ўругвай,быў створаны ў XIX стагодзьдзі як буфэрная дзяржава паміж Аргентынай і Бразыліяй, у ХХ стагодзьдзі замацаваў сваю ролю нейтральнага пасярэдніка, што дазволіла яму пазьбегнуць рэгіянальных войнаў і ўмацаваць дэмакратыю ды сацыяльную сыстэму. Усе гэтыя прыклады паказваюць, што нейтралітэт РБ — гэта не слабасць, а адзіная лагічная Стратэгія ў нашай геаграфічнай рэчаіснасці . Беларусь можа зрабіцца Аўстрыяй - Ўругваем Усходняй Эўропы. І у практычнай лёгіцы Трампа, які вядомы сваімі міравымі дамовамі і кампрамісамі, гэта адзіны шлях, дзе ўсе бакі перамагаюць, Захад і Маскоўская імпэрыя атрымліваюць: стабільную — бясьпечную, ПАКОЙНУЮ мяжу, а мы беларусы — нацыянальную дзяржаву , свабоду, дэмакратыю, і дабрабыт.