БЕЛ Ł РУС

У Японіі заплацілі каля 3,2 мільёна даляраў за блакітнага тунца. Гэта рэкорд

6.01.2026 / 0:27

Nashaniva.com

На першым аўкцыёне 2026 года, які адбыўся раніцай 5 студзеня на рыбным рынку Таёсу ў токійскім раёне Кота, блакітны тунец быў прададзены за рэкордныя 510,3 мільёна іен — гэта прыкладна 3,2 мільёна даляраў ЗША.

Па звестках уладаў Токіа, гэта самая высокая цана з 1999 года, калі пачалі весці супастаўную статыстыку. Новы паказчык значна пераўзышоў папярэдні рэкорд — 333,6 мільёна іен, усталяваны ў пачатку 2019 года.

Для параўнання: на аўкцыёне мінулага года блакітны тунец вагой 276 кг быў прададзены за 207 мільёнаў іен.

Сёлетняя рыбіна-рэкардсменка — блакітны тунец вагой 243 кг, — быў злоўлены каля ўзбярэжжа горада Ома ў прэфектуры Ааморы на паўночным усходзе Японіі.

Пакупніком стала кампанія Kiyomura, якая кіруе сеткай рэстаранаў Sushizanmai. Старшыня праўлення кампаніі Кіёсі Кімура пасля аўкцыёну адзначыў, што тунец, набыты на пачатку года, у Японіі лічыцца сімвалам удачы, і выказаў надзею, што як мага больш наведвальнікаў змогуць адчуць навагоднюю атмасферу. У кампаніі падкрэслілі, што, нягледзячы на высокі кошт закупкі, рыбу будуць прапаноўваць кліентам па звычайных цэнах.

Зімовы сезон лову тунца лічыцца асабліва складаным, а вынікі пачатковых аўкцыёнаў года моцна залежаць ад якасці рыбы. Акрамя таго, паколькі пасярэднікі часта закупляюць прадукцыю пад канкрэтныя заказы рэстаранаў і крамаў, такія аўкцыёны разглядаюцца як своеасаблівы індыкатар будучых спажывецкіх тэндэнцый у Японіі.

У той жа час прадстаўнік міжнароднай рыбалоўнай групы НДА Pew Charitable Trusts Дэйв Гершман адзначыў, што гэты аўкцыён мае і пазітыўны сэнс: запасы ціхаакіянскага блакітнага тунца паступова аднаўляюцца пасля перыяду, калі яны лічыліся амаль знішчанымі.

Чытайце таксама:

Паста з тунцом

Хлопец, якога заглынуў кіт, расказаў, як яму ўдалося выжыць

Рол з тунцом, яйкам і салатам — самы просты бялковы перакус

Мінтай, хек, скумбрыя… Якую рыбу любяць беларусы і адкуль яе прывозяць?

Каментары да артыкула