БЕЛ Ł РУС

Моцныя снегапады паралізавалі Еўропу — заторы, адмены рэйсаў і цягнікоў, закрыццё школ

6.01.2026 / 15:8

Nashaniva.com

У апошнія дні Еўропа змагаецца з суровымі зімовымі ўмовамі надвор’я.

Каля аэрапорта ў Ратэрдаме. Фота: Mouneb Taim / NurPhoto via Getty Images

Экстрэмальна нізкія тэмпературы і моцныя снегапады прывялі да адмены авіярэйсаў і цягнікоў, утварэння затораў на дарогах, а таксама закрыцця школ у многіх краінах, піша Bild.

Асабліва моцна пацярпелі Нідэрланды: з-за надвор’я і тэхнічных няспраўнасцяў чыгуначнае злучэнне было амаль цалкам паралізаванае. У амстэрдамскім аэрапорце Схіпхол — важным міжнародным транспартным вузле — учора давялося адмяніць амаль 700 рэйсаў, што складае больш за палову з прыблізна 1200 запланаваных узлётаў і пасадак.

У парыжскіх аэрапортах Шарль-дэ-Голь і Арлі авіякампаніі былі вымушаныя адмяніць 15 % сваіх рэйсаў. У Вялікабрытаніі таксама адмянялі рэйсы ў некалькіх аэрапортах.

Францыю ахапілі заторы агульнай працягласцю каля 1000 кіламетраў — у Нармандыі, Брэтані і вакол Парыжа. У Нармандыі ў выніку ДТЗ, звязаных з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я, загінулі як мінімум пяць чалавек.

Снег і мароз запаволілі рух і высакахуткасных цягнікоў: французскі TGV быў вымушаны знізіць хуткасць з 300 да 200 км/г. У Парыжы было прыпынена аўтобуснае злучэнне, а таксама рух на некаторых трамвайных лініях.

У Вялікабрытаніі былі зачыненыя сотні школ: толькі ў Паўночнай Ірландыі, паводле даных уладаў, спынілі працу 212 устаноў. Англія, Шатландыя і Уэльс таксама пацярпелі ад масавага закрыцця навучальных устаноў.

Акрамя таго, кампанія Eurostar, чые цягнікі злучаюць Вялікабрытанію з мацерыковай Еўропай, параіла пасажырам на маршрутах паміж Лонданам і Нідэрландамі адкласці паездкі. З-за дрэнных умоў надвор’я ў Нідэрландах цягнікі маглі курсіраваць толькі да Бруселя.

Нават на Балеарскіх астравах у Іспаніі назіраўся моцны снегапад: на Маёрцы і ў большасці іншых рэгіёнаў улады абвясцілі трэці па ўзроўні небяспекі — жоўты — узровень трывогі.

Польская чыгунка таксама паведамілі пра шматгадзінныя затрымкі і адмены цягнікоў з-за моцных снегападаў. Пра адмены рэйсаў паведамлялася і ў аэрапортах Босніі і Герцагавіны, а таксама Швецыі.

@nashaniva У Беларусі схаладае да мінус трыццаці! Лютыя маразы і жудасныя снегапады ўжо паралізавалі Еўропу – заторы, адмены рэйсаў і цягнікоў, закрыццё школ. Цалкам верагодна, што і да нас дойдзе! #прогнозпогоды #погодабеларусь #беларусьновости #снегопад #снег ♬ mirage - théos & Antent

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула