БЕЛ Ł РУС

Памёр рэжысёр Бела Тар

6.01.2026 / 18:24

Nashaniva.com

Венгерскі рэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар Бела Тар, вядомы па фільмах «Сатанінскае танга» і «Турынскі конь», памёр ва ўзросце 70 гадоў пасля працяглай хваробы.

Бела Тар. Фота: European Film Academy

Тара лічаць адным з галоўных прадстаўнікоў медытатыўнага, змрочнага і меланхалічнага кіно ў Еўропе. Яго паэтычныя, часам палітычна насычаныя фільмы вылучаліся песімістычным поглядам на чалавечую прыроду і чорным гумарам.

Нарадзіўся ён у 1955 годзе ў венгерскім горадзе Печ і пачаў кар’еру на студыі імя Белы Балажа, вядучай пляцоўцы эксперыментальнага кіно ў Венгрыі. Міжнароднае прызнанне прыйшло да яго ў 1994 годзе пасля паказу сямігадзіннай чорна-белай аповесці «Сатанінскае танга», прысвечанай краху камунізму ва Усходняй Еўропе, паводле аднаго з раманаў Ласла Краснагаркаі, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2025 года.

У 2000 годзе Тар экранізаваў яшчэ адзін раман Краснагаркаі — «Меланхолія супраціву», а яго апошняя работа «Турынскі конь» (2011) лічыцца самым змрочным шэдэўрам. Фільм паказвае штодзённае жыццё гаспадара і яго дачкі і заснаваны на гісторыі пра нервовы зрыў філосафа Ніцшэ. Прем’ера адбылася на 61‑м Берлінскім кінафестывалі, дзе фільм атрымаў Гран-пры журы «Срэбны мядзведзь».

Пасля выхаду «Турынскага каня» Тар аб’явіў пра завяршэнне кар’еры і пераехаў у Сараева, дзе заснаваў міжнародную кінашколу film.factory. Ён быў членам Еўрапейскай кінаакадэміі з 1997 года, а ў 2023‑м атрымаў Ганаровую ўзнагароду прэзідэнта Акадэміі.

Еўрапейская кінаакадэмія адзначыла:

«Мы ў жалобе па выбітным рэжысёру і яркай асобе з палітычнай пазіцыяй, якога шануюць калегі і якім захапляюцца гледачы ва ўсім свеце».

Чытайце таксама:

Памёр ілюзіяніст Эміль Кіа

Памерла французская актрыса Брыджыт Бардо

Памерла актрыса Вера Алентава. Ёй стала дрэнна на пахаванні іншага артыста

Каментары да артыкула