БЕЛ Ł РУС

На наступным тыдні будзе вельмі холадна

10.01.2026 / 17:9

Nashaniva.com

Сіноптык Дзмітрый Рабаў у эфіры тэлеканала АНТ паведаміў, што на тыдні з 12 да 18 студзеня ў Беларусі чакаецца вельмі халоднае надвор’е, а зіма «яшчэ дадасць эмоцый».

Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацсетак блогера Дзяніса Блішча

Са слоў сіноптыка, сярэдняя тэмпература будзе на 8—10 градусаў ніжэйшая за кліматычную норму для студзеня. Маразы будуць узмацняцца, сітуацыю пагоршаць парывісты вецер і высокая вільготнасць, таму па адчуваннях холад стане асабліва моцным.

Пачатак тыдня будзе звязаны з паступленнем арктычнага паветра. Месцамі магчымы невялікі кароткачасовы снег, слабыя галалёд і галалёдзіца на дарогах. Уначы тэмпература апусціцца да −13…−20 градусаў, а пры праясненнях — да −23…−27. Днём 12 студзеня чакаецца ад −4 на паўднёвым захадзе да −15 на паўночным усходзе, 13 студзеня — ад −7 да −15.

У сярэдзіне тыдня надвор’е істотна не зменіцца: на Беларусь будзе ўплываць халодны антыцыклон са Скандынавіі. Ён прынясе пераменную воблачнасць, галалёдзіцу і, магчыма, невялікі снег. Вецер застанецца ўсходні і паўночна-ўсходні, парывісты. Уначы ў сераду прагназуецца −17…−25, днём — ад −6 да −13 градусаў.

У другой палове тыдня ў большасці рэгіёнаў захаваецца ўплыў халоднага і вільготнага паўночнага паветра без значных ападкаў. Чакаюцца слабы туман, галалёд і слізкія дарогі. Уначы тэмпература зноў будзе ў межах −17…−25, але на захадзе стане цяплей — ад 0 да −7. Днём 15 студзеня — ад +1 у Брэсце да −16 у Віцебску, 16 студзеня — ад +1 на паўднёвым захадзе да −20 на паўночным усходзе.

На выхадных, 17 і 18 студзеня, надвор’е пачне мяняцца пад уздзеяннем атмасферных франтоў з захаду. Маразы паступова аслабнуць. Магчымы кароткачасовы снег, раніцай — туман. Уначы чакаецца −6…−12, удзень 17 студзеня — ад +1 у Брэсце да −14 у Віцебску, а 18 студзеня — ад +1 у паўднёва-заходніх раёнах да −10 у паўночна-ўсходніх.

Чытайце таксама:

Мінскія камунальнікі паказалі, што робяць са снегам, які прынёс цыклон «Улі»

Цыклоны «Улі» і «Хаўер». Хто больш магутны

Ахвяраў у выніку ўрагану «Улі» няма

У ноч на нядзелю да мінус 23°С

Пад Бабруйскам з-за снегу абрынуўся каркас цяпліцы ляснога гадавальніка

Каментары да артыкула