Ціханоўская падтрымала народ Ірана: «Тыранія заўсёды падае»
Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская выказала салідарнасць з удзельнікамі масавых пратэстаў у Іране. Сваю заяву яна апублікавала ў сацыяльнай сетцы X.
Святлана Ціханоўская. Фота: Riccardo Savi \ Getty Images for Concordia Annual Summit
«Мужнасць іранцаў, якія патрабуюць свабоды і годнасці перад тварам жорсткіх рэпрэсій, заслугоўвае павагі і захаплення ўсяго свету. Вашы галасы не могуць быць заглушаны. Тыранія заўсёды падае. Мы салідарныя з народам Ірана», — напісала Ціханоўская.
Паведамленне з’явілася на фоне маштабнай хвалі пратэстаў, якія ахапілі большую частку Ірана за апошнія два тыдні. Акцыі пачаліся як рэакцыя на рэзкі скачок інфляцыі, аднак хутка перараслі ў палітычныя маніфестацыі: пратэстоўцы патрабуюць адстаўкі рэлігійнага кіраўніцтва краіны.
Улады Ірана ўвялі жорсткія абмежаванні на доступ да інтэрнэту па ўсёй краіне, каб перашкодзіць каардынацыі пратэстаў, а таксама распаўсюду інфармацыі.