Амерыканскі стартап прапануе зарэзерваваць за мільён месца ў гатэлі на Месяцы
Каліфарнійскі стартап абвясціў пра пачатак прыёму браніраванняў на нумары ў будучым гатэлі на Месяцы. Кампанія прапануе заможным аматарам прыгод зарэзерваваць месца, унесшы дэпазіт у памеры 1 мільёна даляраў. Адкрыццё гатэля плануецца на 2032 год, піша Space.com.
Мастацкая выява будучага гатэля на Месяцы. Фота: GRU
Кампанія Galactic Resource Utilization Space (GRU), заснаваная выпускніком Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Берклі Скайлерам Чанам, 12 студзеня запусціла сайт для браніравання і прадставіла канцэпцыю будучага месячнага гатэля. Паводле заяваў распрацоўшчыкаў, ён павінен стаць першай у гісторыі пастаяннай пабудовай па-за межамі Зямлі.
Для будаўніцтва плануецца выкарыстоўваць спецыяльныя жыллёвыя модулі і аўтаматызаваную тэхналогію перапрацоўкі месяцавага грунту ў трывалыя будаўнічыя матэрыялы. Пачатак работ прызначаны на 2029 год, але толькі пасля атрымання ўсіх дазволаў.
Першыя кліенты гатэля — гэта, як мяркуецца, удзельнікі камерцыйных касмічных палётаў і багатыя пары, якія шукаюць незвычайнае месца для мядовага месяца. У GRU лічаць, што менавіта турызм стане ключом да развіцця эканомікі Месяца і дапаможа чалавецтву хутчэй выйсці за межы адной планеты.
Заснавальнік кампаніі адзначае, што чалавецтва цяпер знаходзіцца ў пераломным моманце, калі з’яўляецца рэальны шанец стаць міжпланетным відам яшчэ пры жыцці сучаснага пакалення. На яго думку, у будучыні мільярды людзей змогуць нараджацца і жыць на Месяцы і Марсе.
Скайлеру Чану 21 год, ён інжынер у галіне электратэхнікі і камп’ютарных навук. Ідэя гатэля на Месяцы з’явілася ў яго падчас удзелу ў стартап-акселератары Y Combinator. Па яго словах, праект ужо атрымаў фінансавую падтрымку ад інвестараў, звязаных з SpaceX і кампаніяй Anduril.
Стварэнне пастаяннай базы на Месяцы таксама ўваходзіць у планы ЗША па пашырэнні прысутнасці ў космасе, якія падтрымлівае кіраўніцтва NASA і прэзідэнт Дональд Трамп. Чан спадзяецца, што яго кампанія зможа стаць часткай гэтай стратэгіі. Акрамя таго, GRU апублікавала аналітычны дакумент, у якім апісваецца доўгатэрміновая візія засялення Месяца — пачынаючы з элітнага гатэля і заканчваючы паўнавартаснай калоніяй.
Чытайце таксама:
Упершыню за больш як паўстагоддзя людзі зноў паляцяць да Месяца
НАСА пазапланава вяртае на Зямлю чатырох астранаўтаў
Кітай хоча стаць тэхналагічным лідарам свету — але праблемы ў эканоміцы толькі растуць
Расія выпадкова вывела са строю адзіную стартавую пляцоўку для пілатаваных палётаў