БЕЛ Ł РУС

У Чачэрску скончылі аднаўленне ратушы, пабудаванай фаварытам Кацярыны II для натхнёнага Лонданам «ідэальнага горада»

18.01.2026 / 08:00

Ф. Раўбіч

У студзені 2026 года ў Чачэрску пасля маштабнай рэканструкцыі зноў адкрылася гарадская ратуша. Работы на аб'екце, які з'яўляецца помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя і ўваходзіць у «Залатое кальцо» Гомельшчыны, вяліся з 2024 года. Цяпер тут можна падняцца на назіральную пляцоўку, выпіць гарбаты з графіняй і пабачыць біўні мамантаў.

Абноўленая Чачэрская ратуша. Фота: СБ. Беларусь сегодня

Праект каштаваў прыкладна 2 мільёны рублёў, сродкі былі вылучаны ў рамках дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

Да пачатку работ гістарычны будынак падышоў у стане, які патрабаваў неадкладнага ўмяшання. Апошні раз рамонт тут праводзіўся ў канцы 2000-х, аднак праблемы з вільгаццю і зносам драўляных канструкцый заставаліся нявырашанымі.

Старыя драўляныя канструкцыі пяці вежаў — цэнтральнай і чатырох вуглавых — былі цалкам дэмантаваныя. Для іх аднаўлення выкарыстоўвалі спецыяльны брус, які па індывідуальнай замове выраблялі ў Расіі — толькі там знайшлося прадпрыемства, здольнае выпусціць матэрыял з неабходнымі характарыстыкамі трываласці.

Інтэр'ер абноўленай Чачэрскай ратушы. Фота: Чачэрскі веснік

Фота: Чачэрскі веснік

Будынку вярнулі гістарычную вышыню ў 33 метры і аднавілі назіральную пляцоўку з флюгерам. Што праўда, актывісты ў сферы аховы спадчыны адзначаюць, што назіральнай пляцоўкі гістарычна не існавала — яе няма на фота пачатку XX стагоддзя, але яна ёсць на здымках савецкага часу, перад вайной. 

Таксама ўнутры будынка стварылі новую вінтавую лесвіцу з граніту.

Каб вырашыць праблему пераўвільгатнення мураваных сцен, прымянілі спецыяльную саніруючую тынкоўку. Яе рэцэптуру распрацоўвалі і выраблялі пад заказ у Гродне.

Новая вінтавая лесвіца ў ратушы, абліцаваная керамагранітам. Фота: СБ. Беларусь сегодня

Экспазіцыйны зандаш аўтэнтычнай муроўкі ратушы. Фота: СБ. Беларусь сегодня

Пасля завяршэння рэканструкцыі ў будынку зноў адкрыўся Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей, фонды якога налічваюць больш за 20 тысяч прадметаў. Сярод найбольш каштоўных экспанатаў — біўні маманта і прылады працы эпохі палеаліту (узрост каля 30 тысяч гадоў), а таксама калекцыя ўнікальных абразоў Бабіцкай іканапіснай школы. Асобная зала, «Тронная», прысвечана перыяду графаў Чарнышовых. Для турыстаў прадугледжаны элементы анімацыі, напрыклад, сустрэча з акцёрамі ў касцюмах XVIII стагоддзя, і дэгустацыя прадукцыі мясцовага вінзавода.

Абразы Бабіцкай іканапіснай школы ў экспазіцыі музея ў абноўленай Чачэрскай ратушы. Фота: СБ. Беларусь сегодня

Экспазіцыя музея ў абноўленай Чачэрскай ратушы. Фота: СБ. Беларусь сегодня

Экспазіцыя музея ў абноўленай Чачэрскай ратушы. Фота: СБ. Беларусь сегодня

Геаметрыя замест хаосу

Унікальнасць Чачэрскай ратушы немагчыма разглядаць у адрыве ад гісторыі самога горада. Да 1770‑х гадоў Чачэрск меў тыповую для сярэднявечча хаатычную планіроўку, сфарміраваную вакол замка і дзяцінца.

Царква Раства Багародзіцы і касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Чачэрску — храмы-блізняты, пабудаваныя для поўнай сіметрычнасці кампазіцыі ідэалізаванай планіроўкі горада. Фота: Wikimedia Commons

Сітуацыя змянілася пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, калі ў 1774 годзе расійская імператрыца Кацярына II падарыла мястэчка свайму фаварыту, першаму беларускаму генерал-губернатару Захару Чарнышову. Граф, які быў прыхільнікам еўрапейскага класіцызму, вырашыў цалкам перабудаваць паселішча. Ён знёс старыя ўмацаванні і ўкараніў новую, строга геаметрычную сетку вуліц.

Вядомы даследчык беларускай архітэктуры Юрый Чантурыя адзначаў, што планіроўка Чачэрска мае дзіўнае падабенства з праектам рэканструкцыі Лондана пасля Вялікага пажару 1666 года аўтарства Крыстафера Рэна. У аснове ляжала ідэя стварэння відавых перспектыў, якія замыкаліся архітэктурнымі дамінантамі.

Рэканструкцыя планіроўкі Чачэрска, у якой цэнтральным элементам кампазіцыі служыць будынак ратушы. Вакол плошчы былі размешчаны чатыры храмы-ратонды, з якіх збярогся толькі адзін, а на месцы дзяцінца быў пабудаваны палац генерал-губернатара Чарнышова

У цэнтры гэтай сістэмы была пабудавана ратуша. Вакол яе, на аднолькавай адлегласці, размясцілі чатыры храмы-ратонды: тры праваслаўныя царквы і адзін касцёл, з якіх да нашых дзён ацалела толькі Спаса-Праабражэнская царква, аўтарства якой прыпісваецца Джакама Кварэнгі.

Сам будынак ратушы ў сваёй архітэктуры спалучае класіцызм з элементамі псеўдаготыкі, такімі як спічастыя завяршэнні акон, што было характэрна для таго часу.

Чачэрская ратуша ў 1895 годзе яшчэ не мела назіральнай пляцоўкі на цэнтральнай вежы. Фота: Wikimedia Commons

А ці была ратуша?

Хоць будынак традыцыйна называюць ратушай, гісторыкі дагэтуль спрачаюцца наконт яго рэальнай функцыі. Дакументальна не вызначана, ці выконваў гэты будынак функцыю магістрата, для якой першапачаткова прызначаўся.

Чачэрская ратуша ў час нямецкай акупацыі 1941‑1944 гадоў ужо мае назіральную пляцоўку на цэнтральнай вежы. Фота: Wikimedia Commons

Выгляд Чачэрскай ратушы пасля рэканструкцыі. Фота: тэлеграм-канал «Гомельщина официально»

Ёсць верагоднасць, што прыгожая пабудова з выразнымі вежамі служыла хутчэй сімвалам новай улады і цэнтрам горадабудаўнічай кампазіцыі, чым рэальным адміністрацыйным аб'ектам. Затое дакладна вядомы больш позні лёс будынка: архіўныя дадзеныя сведчаць, што ў 1863 годзе тут размяшчалася сельскае вучылішча, а ў 1884 годзе — аптэка.

Сёння, пасля завяршэння рэстаўрацыі, будынак працягвае служыць гораду, цяпер ужо ў якасці захавальніка яго гісторыі.

Чытайце таксама:

Аднавілі мост там, дзе яго не магло быць, бо не змаглі знайсці яго рэальнае месца. Што за рэстаўрацыя адбываецца ў Жылічах?

Падчас рэстаўрацыі сінагогі ў Ваўкавыскім раёне знайшлі падмурак невядомага будынка

Пад Ружанскім палацам адкрыліся невядомыя раней сутарэнні — яны вытрымалі пажары і цяжкую будаўнічую тэхніку

Каментары да артыкула