Стала вядома, у якіх жахлівых умовах трымаюць у зняволенні псіхіятра Ігара Пастнова
«Ён паставіў рэкорд па знаходжанні ў ШІЗА — 150 сутак запар», — расказаў яго былы сусед Ігар Лосік.
Ігар Пастноў
«Выпадкова набрыў у інтэрнэце на артыкулы пра псіхіятра Ігара Пастнова, якога адпраўлялі аднойчы ў псіхіятрычную бальніцу за крытыку беларускіх уладаў.
І ўспомніў, што гэты псіхіятр сядзеў у адзін час са мной у Наваполацку. Ён, напэўна, паставіў рэкорд па знаходжанні ў ШІЗА, адбыўшы там у 2023 годзе 150 сутак запар і адмовіўшыся выходзіць адтуль на атрад.
Не ведаю яго артыкул, але ён знаходзіцца ў «нізкім статусе» і сядзеў усе гэтыя 150 сутак у адной 12‑й камеры ШІЗА. Ён увесь час пісаў скаргі на адміністрацыю ў пракуратуру, скардзіўся на катаванні холадам, на адвольныя пакаранні. Скаргі, натуральна, нікуды не ішлі. У адказ яго толькі пастаянна каралі, але справа дайшла да таго, што ў выніку не ведалі, што з ім рабіць, таму што ён адмаўляўся ўжо выходзіць з ШІЗА на атрад і ўсімі праўдамі і няпраўдамі яго сяк-так прымусілі гэта зрабіць.
Я думаю, такое стаўленне і нечалавечыя ўмовы са здзекаваннямі вельмі моцна паўплывалі на яго псіхічны стан, таму што ён у выніку дайшоў да таго, што ад голаду нават не грэбаваў шукаць у сметніцы ежу каля сталовай.
На кожнай праверцы ён папярэджваў адміністрацыю пра адказнасць за катаванні, на што ў адказ з яго толькі здзекаваліся, днявальны ШІЗА паліваў яго хлоркай, у яго забіралі туалетную паперу, адключалі ваду, марозілі ўсімі спосабамі. Так робяць там са многімі», — піша Ігар Лосік.
Віцебскі доктар-псіхіятр Ігар Пастноў стаў вядомы ў 2010‑х гадах, калі стаў публічна крытыкаваць чыноўнікаў высокага рангу і ўсю збудаваную імі сістэму, за што атрымаў імідж «доктара-праўдаруба». Яго выступленні звычайна былі эмацыйныя і эксцэнтрычныя, за што доктара сярод іншага адпраўлялі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай бальніцы. Ён удзельнічаў у некалькіх палітычных кампаніях у звязцы з іншым віцебскім дзеячам з іміджам дзівака Сяргеем Рыжовым. Сяргея Рыжова ў 2015 годзе асудзілі на 6,5 гадоў турмы па крымінальным непалітычным абвінавачанні.
Пастнова ж у 2019 годзе асудзілі на тры гады «хіміі» за нібыта паклёп на пракурора, пасля чаго ён знік з сацсетак, у якіх раней быў вельмі актыўны. Пасля таго пра ягоны лёс не было нічога вядома.
Чытайце таксама:
Віцебскага псіхіятра-праўдаруба Пастнова асудзілі на тры гады «хіміі» — за паклёп на пракурора
Удзельнік прэзідэнцкай кампаніі 2010 года Сяргей Рыжоў асуджаны ў Віцебску на 6,5 гадоў калоніі
Віцебскаму доктару Пастнову змянілі ўтрыманне ў псіхбальніцы на дзённы стацыянар
Віцебскага медыка Пастнова накіравалі на прымусовае лячэнне
Звольнены віцебскі лекар запісаў відэазварот да губернатара
Памятаеце прэтэндэнта ў прэзідэнты — 2010 Сяргея Рыжова? Магчыма, пасля турмы згінуў у Расіі