У Смалявічах дзяўчынка ўпала ў адкрыты люк. Сяброўка кінулася на дапамогу — і ўпала ў іншы
Адна са смалявіцкіх маці паведаміла ў сацыяльных сетках, што дзяўчынка ўпала ў адкрыты люк, а яе сяброўка, якая спяшалася на дапамогу, трапіла ў суседні калодзеж, піша выданне Smolevichi-24.by.
На шчасце, дзецi абышліся толькі страхам, мокрай вопраткай і згубленым абуткам. Пакуль на месца здарэння прыбылі бацькі, дзяўчынкам удалося з люкаў вылезці самастойна.
На водаканале патлумачылі, што пасля моцнага снегападу камунальная тэхніка расчышчала дарогі, і пры гэтым некаторыя люкі зрушыліся або былі сарваны. Цяпер арганізацыя займаецца іх аднаўленнем.
Пры гэтым камунальнікі заклікаюць быць уважлівымі:
- сачыць за нагамі, асабліва ў цёмны час сутак, пры снегападзе або галалёдзе, бо адкрыты люк можна не заўважыць;
- быць асцярожнымі на дарозе і каля краю праезнай часткі, каб не трапіць на незакрыты калодзеж;
- заўважыўшы адкрыты або няшчыльна закрыты люк, паведаміць па нумары 115.