Святлана Ціханоўская паведаміла літоўскім парламентарыям пра рашэнне пераехаць у Польшчу
Лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская на гэтым тыдні паведаміла літоўскім парламентарыям пра рашэнне пераехаць у Варшаву. Яна праінфармавала палітыкаў падчас сустрэчы з часовай групай Сейма «За дэмакратычную Беларусь», піша BNS.
Святлана Ціханоўская. Фота: LookByMedia
Гэтую інфармацыю агенцтву BNS у суботу пацвердзілі два літоўскія парламентарыі з розных фракцый, якія ўдзельнічалі ў сустрэчы і пажадалі застацца ананімнымі.
Пра рашэнне Ціханоўскай у суботу паведаміла і інфармацыйнае агенцтва AFP, цытуючы чатырох членаў каманды лідаркі беларускай апазіцыі і крыніцу ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы, якія таксама гаварылі на ўмовах ананімнасці.
Адзін з дэпутатаў літоўскага Сейма паведаміў BNS, што ў Вільнюсе, верагодна, застануцца працаваць некалькі членаў каманды Ціханоўскай.
Дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі паведаміў журналістам, што Сяргей Ціханоўскі, вызвалены з турмы ў мінулым годзе, цяпер знаходзіцца ў ЗША з меркаванняў бяспекі.
Летась у кастрычніку літоўскія ўлады аб'явілі аб прыняцці рашэння знізіць узровень аховы Ціханоўскай. Пасля гэтага з’явіліся сумневы, ці застаецца яна жаданай асобай у краіне. Таксама заяўлялася пра ўзмацненне пагрозы з боку беларускіх спецслужбаў.
Пра тое, што рашэнне аб пераездзе Офіса Ціханоўскай у Польшчу ўжо прынята, крыніцы «Нашай Нівы» паведамлялі яшчэ месяц таму, хоць афіцыйна гэта адмаўлялася.