Каму яшчэ што можа стаць трэба «для нацыянальнай бяспекі» і як тут быць Беларусі
У гэтай новай рэальнасці Мінску жыццёва трэба нармалізаваць адносіны з ЕС, піша Мікола Бугай.
Уладзімір Макей быў архітэктарам мінулых нармалізацый адносін Беларусі з ЕС. Архіўнае фота: Наша Ніва
Трамп паўтарае, што яму трэба Грэнландыя «для нацыянальнай бяспекі».
Як да болю гэта нагадвае аргументы Сталіна ў адносінах да Фінляндыі, Гітлера — да Польшчы ў 1939-м. І Пуціна — адносна Украіны.
Расія пачала гэта першай. Зараза распаўсюджваецца. Калі так пойдзе далей, свет чакаюць войны, і войны, і войны. Ахвотных стаць great again шмат, як толькі знікае базавы прынцып: межаў не мяняць.
У той самай Расіі не раз гаварылі, што «для бяспекі» ім трэба не толькі Данбас, але і ўся Украіна, і Балтыя, і Беларусь.
Пытанне выжывання для нашага народа — як забяспечыць страхоўку ад гэтага.
Украіна пасля змены палітыкі ЗША паскорыла збліжэнне з Еўрасаюзам і цяпер абапіраецца ў змаганні за захаванне незалежнасці на дапамогу еўрапейскіх краін. Пераасэнсоўваюць сваё становішча і саюзы нават Канада, Аўстралія, Брытанія.
Для Беларусі сітуацыя найцяжэйшая, бо яе залежнасць ад Расіі за апошнія гады стала абсалютнай.
Між тым для Мінска ў гэтай сітуацыі напрошваецца тое самае, што адбывалася ў 2008 і 2014 пры Макею, — аднавіць баланс, нармалізаваць, максімальна магчыма, адносіны з Еўрасаюзам, каб мець альтэрнатывы Расіі і расійскім маршрутам, і мінімізаваць расійскую прапаганду ўнутры краіны.
Ці здольны на гэта цяперашні Лукашэнка? Калі здольны, то мы зараз пабачым з яго боку некалькі простых крокаў. Калі не — Беларусь чакаюць кепскія часы.