Новы трэнд: людзі гатуюць марозіва на вуліцы ў снезе
Снежная і марозная зіма натхняе на эксперыменты. У сацыяльных сетках распаўсюдзіўся новы трэнд — людзі гатуюць марозіва наўпрост у снезе. Працэс гатавання смакаты займае каля паўгадзіны.
Сталічны блогер Ілля «Што пачым» падзяліўся ў тыктоку самым папулярным і правераным рэцэптам.
Каб прыгатаваць марозіва на вуліцы, вам спатрэбіцца талерка ці рондаль, пастаўленыя ў снег у марознае надвор’е. У посудзе трэба будзе замяшаць 500 мілілітраў вяршкоў 33%, пакецік з ванільным цукрам і цукровую пудру (на ваш густ). Пасля гэтага рыхтуйцеся змешваць усе інгрэдыенты да аднароднай масы прыблізна паўгадзіны.
Дадаткова ў самым пачатку рэкамендуецца насыпаць пад посуд крыху солі — такім чынам прыгатаваная сумесь астудзіцца да патрэбнай тэмпературы хутчэй.
Блогер Ілля «Што пачым». Скрыншот: chtopochemminsk / TikTok
Калі лянота выбірацца для такіх эксперыментаў на вуліцу, бярыце прыклад з беларусаў, якія паўтарылі эксперымент наўпрост на падваконні.
Фота: catmemes12.228 / TikTok
У Брэсце самаробнае марозіва расклалі нават у вафлевыя ражкі — атрымалася, як з крамы.
Тыя, хто ўжо каштаваў трэндавае марозіва, кажуць, што па смаку яно нагадвае звычайны пламбір.