БЕЛ Ł РУС

Калеснікава: Я не разумею, чаму Еўропа не пачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША

19.01.2026 / 10:28

Nashaniva.com

У першым пасля вызвалення інтэрв'ю Марыя Калеснікава заклікала еўрапейскіх лідараў шукаць збліжэння з Аляксандрам Лукашэнкам.

Марыя Калеснікава і прэзідэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, 15 студзеня 2026. Фота Photo by Soeren Stache/picture alliance via Getty Images

«Чым большай будзе ізаляцыя Беларусі ад Еўропы, тым больш яна будзе вымушана збліжацца з Расіяй, — сказала яна FT падчас інтэрв'ю ў Берліне. — Гэта робіць Беларусь менш бяспечнай і менш прадказальнай для Еўропы».

Калеснікаву спыталі пра парваны пашпарт, калі яна выскачыла з машыны на мяжы і пайшла назад у бок Мінска. Яе чакаў 11‑гадовы турэмны тэрмін. 

«Цяпер я разумею, што гэта быў нейкі кінематаграфічны момант, — адказала яна з усмешкай. — Але гэта не было імпульсіўна. Задоўга да гэтага я вырашыла, што палітык павінен дзяліць лёс свайго народа — і не толькі ў хвіліны ўздыму».

Калеснікава кажа, што «надзвычай удзячная [прэзідэнту ЗША] Дональду Трампу, украінскаму боку і іншым удзельнікам вызвалення».

«Але як чалавек з еўрапейскім менталітэтам, я не разумею, чаму Еўропа не пачала размаўляць з Лукашэнкам раней за ЗША, — сказала Калеснікава. — Відавочна, што Германія, напрыклад, мае значна больш сувязяў з Беларуссю, чым Штаты».

Яе аргументацыя ідзе ўразрэз з падыходам Еўропы, які палягае ў падтрымцы сувязяў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў выгнанні, мінімізацыі кантактаў з рэжымам і захаванні эканамічных санкцый на экспарт, забароне на палёты і больш жорсткіх візавых правілах, заўважае выданне. 

Абмежаванні ў дачыненні да Беларусі сталі моцным ударам для «высокаеўрапеізаваных» беларусаў, сказала Калеснікава: «Краіна калісьці была лідарам па колькасці выдадзеных шэнгенскіх віз ЕС».

Еўропа павінна рабіць наадварот, лічыць Калеснікава.

«Лукашэнка — прагматычны чалавек. Ён разумее мову бізнесу. Калі ён гатовы на гуманітарныя крокі ў адказ на змякчэнне санкцый, уключаючы вызваленне зняволеных і допуск незалежных СМІ і НДА ў Беларусь, гэта трэба абмяркоўваць».

Прасоўванне такога дыялогу — асабліва накіраванага на вызваленне іншых палітвязняў і прадухіленне далейшых рэпрэсій — цяпер з’яўляецца яе фокусам:

«Думаю, ясна, што я не сыходжу з палітыкі».

«Аднойчы рэжым зменіцца, — сказала яна. — І да гэтага моманту там не павінна быць выпаленай зямлі. Мы павінны рыхтаваць глебу».

Калеснікава сказала, што яе зняволенне было «цяжкім», але яна не хоча абмяркоўваць жахлівыя ўмовы.

«Усе і так ведаюць, што такое беларускія турмы. Каму гэта дапаможа?»

Яна расказала, што ў адзіночнай камеры яна «траціла па дзве гадзіны ў дзень на ёгу і практыкаванні — гэта быў час для медытацыі», прачытала «700 кніг з турэмнай бібліятэкі і напісала яшчэ дзве» (хоць яе нататкі так і не вярнулі), і нават «змагла сесці на шпагат».

Часам ёй дазвалялі слухаць дзяржаўнае радыё. «Я танчыла, я радавалася жыццю. Калі я раптам чула Стынга ці Адэль, я была такая шчаслівая: цывілізацыя існуе, вось яна. Гэта рэальна. А сцены, турма — гэта проста дэкарацыі».

Пасля вызвалення яна таксама плануе вярнуцца да працы ў сферы культуры.

«Я чалавек мастацтва, уся сусветная культура ўнутры мяне. У гэта цяжка паверыць, але ў турме я адчувала сябе абсалютна вольным чалавекам».

{POLL#1261}

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула