БЕЛ Ł РУС

«Рыцар Сямі Каралеўстваў»: серыял, у якім здзекуюцца з пафасу «Гульні тронаў»

27.01.2026 / 08:00

Ф. Раўбіч

Пасля эпічных бітваў, спаленых гарадоў і складаных сямейных драм «Гульні тронаў» і «Дома Цмока» HBO прапануе нам радыкальна знізіць планку. 18 студзеня выйшла першая серыя «Рыцара Сямі Каралеўстваў» — гісторыі, дзе галоўны прыз не ўлада над светам, а луста хлеба, трохі грошай ды славы. Стваральнікі смела здзекуюцца з пафасу арыгінальнай сагі, паказваючы нам Вестэрос з нечаканага ракурсу.

Сір Дункан Высокі. Кадр з серыяла

Вяртанне ў Вестэрос абяцала быць іншым, чым раней, і стваральнікі стрымалі слова. Гэта не проста спін-оф, здаецца, шоўранеры задумалі сапраўдную сатыру на ўсё тое, што мы звыклі лічыць «гульнёй тронаў».

Найбольш яскрава стаўленне да «элітарнай» гісторыі пра вялікія дамы праяўляецца ў самым пачатку першай серыі «Рыцар Сямі Каралеўстваў» (A Knight of the Seven Kingdoms).

Калі пачынае граць да болю знаёмая гераічная тэма з інтра «Гульні тронаў», глядач міжволі чакае ўбачыць нешта не меншае за палёт цмока ці велізарны замак, упрыгожаны сцягамі вялікага дому. Але замест гэтага нам паказваюць, як у галоўнага героя, Дунка (Пітэр Клэфі), проста ў кадры, прабачце, пачынаецца дыярэя без якіх-небудзь прыхарошканняў.

Так, фізіялагічнасцю свет Марціна ніколі не грэбаваў, але тут гэта выглядае як праграмная заява: забудзьцеся пра высокія матэрыі, мы спусціліся на грэшную зямлю, і тут будзе ў асноўным смярдзець, а не пахнуць ружамі Тырэлаў.

Рыцар ці самазванец?

Межавы рыцар Арлан з Пенітры, настаўнік Дунка, мяркуючы з яго ўспамінаў, збольшага лупцаваў яго ці проста ігнараваў. Кадр з серыяла

З галоўным героем мы знаёмімся незадоўга да гэтай калавай феерыі — сярод пагоркаў пад праліўным дажджом ён хавае свайго настаўніка, старога сіра Арлана з Пенітры (Дэніэл Уэб). За гады службы стары рыцар, які часцяком лупцаваў Дунка без дай прычыны, пакінуў яму ў спадчыну толькі пабіты шчыт з гербам, меч ды трох коней.

І перад ім паўстае выбар: прадаць жывёлу, трохі пажыць за тыя грошы і вярнуцца да галечы, або працягнуць справу межавога рыцара — валацужнае, бессэнсоўнае існаванне, дзе адзіны прывілей — права называцца «сірам» і не лічыцца чэрню.

Пасля смерці Арлана з Пенітры яго збраяносцу Дунку дасталася невялікая спадчына: шчыт, мячы ды коні. Кадр з серыяла

Дунк выбірае другое і накіроўваецца ў горад Эшфард на турнір, спадзеючыся падзарабіць і, магчыма, выбіцца ў людзі. Дунк — сапраўдны бамбіза: магутны, але нязграбны, непісьменны і праставаты.

Але тут сцэнарысты, як і сам Марцін у сваім творы, закідваюць галоўную інтрыгу: а ці сапраўдны ён рыцар? Дунк відавочна чысты ў сваіх помыслах, у адрозненне ад большасці людзей навокал, але ці не хлусіць ён у галоўным?

Сір Дунк накіроўваецца на рыцарскі турнір, каб рызыкнуць усім, але нават дамагчыся ўдзелу ў ім сапраўднае выпрабаванне для недарэкі. Кадр з серыяла

Як хутка высвятляецца, ніякіх сведак таго, што стары пасвяціў яго ў рыцары перад смерцю, няма. Сам Дунк заўважна бянтэжыцца і хавае вочы кожны раз, калі яму даводзіцца прадстаўляцца і называцца «сірам». Гэты вобраз «рыцара-хлуса», які больш высакародны, чым сапраўдныя памазанікі, — вельмі ў духу Марціна.

Лысы Эг

На сваім шляху Дунк сустракае ў карчме лысага хлапчука-назолу, які просіцца ў збраяносцы, бо збраяносец мусіць быць у кожнага сапраўднага рыцара. Ён называе сябе Эг (Дэкстэр Сол Ансэл), што перакладаецца як «Яйка» — быццам бы звычайная крыўдная мянушка для сіраты з вялікай лысай галавой.

На сваім шляху Дунк сустракае надакучлівага яйкагаловага хлопчыка Эга, які просіцца стаць яго збраяносцам. Кадр з серыяла.

Дунк спрабуе адгаварыць яго, але лёс, дакладней упартасць Эга, зводзіць іх удвух зноў. Эг відавочна не такі просты, як падаецца на першы погляд: ён занадта разумны для жабрака і занадта смелы для слугі.

П’яныя гаспадары жыцця

Кантраст з папярэднімі серыяламі асабліва заўважны ў тым, як паказаныя лорды. Тут яны — не хітрыя стратэгі кшталту Тайвіна Ланістэра і не ахвяры свайго абавязку кшталту Нэда Старка. Гэта капрызныя, фанабэрыстыя мажоры, якія любяць віно, дзяўчат і калі ім дагаджаюць.

Трапіць на турнір такім валацугам і абадранцам, як Дунк, амаль немагчыма — ніхто з вялікіх людзей Вестэроса не хоча нават размаўляць з чалавекам без роду і племя, не тое што паручыцца за яго.

Сір Ліянэль Баратэон, прамы продак Роберта Баратэона, як і іншыя лорды паказаны капрызным мажорам, якога мала што хвалюе акрамя ўласнага самалюбавання. Кадр з серыяла. 

Яскравы прыклад — сір Ліянэль Баратэон па мянушцы «Смяшлівы шторм» (Дэніэл Інгс). Дунк выпадкова трапляе на баляванне ў яго шатры. Гнеў лорда да няпрошанага госця хутка змяняецца п'янай весялосцю і дзікімі танцамі. Седзячы ў рагатай кароне лордаў Штармавога Канца, бязродны Дунк слухае, як Баратэон вылівае яму душу як роўнаму, але пры гэтым з усмешкай прызнаецца: шанцаў на поспех у цябе, хлопец, няма аніякіх.

Чалавечная гісторыя

На турніры нават шлёндры вышэйшыя сацыяльным становішчам за межавога рыцара, такога як Дунк. Кадр з серыяла.

Атмасфера ў «Рыцары Сямі Каралеўстваў» зусім не падобная да атмасферы папярэдніх серыялаў, хоць дзеянне адбываецца ў тым жа свеце і ў не такім далёкім часе ад падзей абодвух хітоў. Мы знаходзімся ў прамежку паміж «Домам Цмока» і «Гульнёй тронаў», калі ў Вестэросе адносна спакойна. А значыць, няма дзе вялікім людзям вяршыць свае вялікія справы, і нарэшце можна пагаварыць пра простых людзей.

Гісторыя «Рыцара» прынамсі пачынаецца як вельмі гарэзлівая, душэўная і чалавечная. Тут няма бітваў, якія вырашаюць лёсы дзяржаў, няма цмокаў, якія спальваюць гарады.

Фінал серыі нават можна назваць рамантычным. Дунк і Эг спяць на зямлі пад адкрытым небам — у гора-рыцара няма нават уласнага шатра. У начным небе яны бачаць знічку.

Якую славу прынясе абодвум знічка? Кадр з серыяла. 

Са слоў Эга, знічка прыносіць вялікую ўдачу таму, хто яе пабачыць. Іронія ў тым, што высакародныя лорды, рыцары і іншыя ўлюбёнцы лёсу ў гэты момант бачаць толькі дарагі шоўк сваіх утульных шатроў.

А значыць, уся ўдача гэтага свету дастанецца гэтай дзіўнай пары — нязграбнаму бамбізе-рыцару з сумніўнай гісторыяй і яго таямнічаму збраяносцу. І гэта прыгожы фінал серыі і пачатак для серыяла.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула