Белгідрамет расказаў, што з радыяцыяй у Беларусі пасля інцыдэнту на Чарнобыльскай АЭС
Пасля інцыдэнту на Чарнобыльскай АЭС, які адбыўся 20 студзеня, радыяцыйная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі застаецца стабільнай. Пра гэта паведаміў Белгідрамет.
У ведамстве адзначылі, што замеры радыяцыйнага фону на паўднёвых тэрыторыях краіны праводзяцца кожныя тры гадзіны. Ніякіх перавышэнняў шматгадовых нарматыўных значэнняў не зафіксавана.
У Брагіне, які з’яўляецца найбліжэйшым да ўкраінскай Прыпяці беларускім населеным пунктам, узровень гама-выпраменьвання склаў 0,34 мікразіверта за гадзіну. У Васілевічах гэты паказчык — 0,11 мкЗв/г, у Жыткавічах і Мазыры — 0,10 мкЗв/г.
Белгідрамет нагадаў, што ў Беларусі дзейнічае 41 дазіметрычны пост, дзе штодзённа кантралююць магутнасць дозы гама-выпраменьвання. У паўднёвых рэгіёнах звесткі абнаўляюцца з інтэрвалам на тры гадзіны. Акрамя таго, у зонах уплыву атамных электрастанцый працуе аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнай абстаноўкі (АСКРА), якая ўключае 33 аўтаномныя пункты. Інфармацыя з іх паступае ў Белгідрамет кругласутачна кожныя 10 хвілін.
Інцыдэнт на Чарнобыльскай АЭС адбыўся днём 20 студзеня, калі станцыя на некалькі гадзін засталася без знешняга электразабеспячэння. Пра гэта паведаміў кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі, адзначыўшы, што гэтая сітуацыя з’яўляецца нестандартнай і можа несці патэнцыйную пагрозу.
Праз некалькі гадзін энергазабеспячэнне АЭС удалося аднавіць за кошт Аб’яднанай энергасістэмы Украіны. Украінскае Міністэрства энергетыкі запэўніла, што радыяцыйны фон на станцыі і ў зоне адчужэння знаходзіцца ў межах нормы.
Таксама ў гэтым паведамленні нагадваецца, што пасля аварыі 26 красавіка 1986 года Чарнобыльская АЭС не працуе як электрастанцыя і выкарыстоўваецца ў асноўным для захоўвання ядзерных адкідаў.
Чытайце таксама:
Чарнобыльскую АЭС падключылі да электрасілкавання
Чарнобыльская АЭС засталася без знешняга сілкавання пасля расійскай атакі
На Чарнобыльскай АЭС папярэдзілі, што абарончы саркафаг можа не вытрымаць новага расійскага ўдару