Ва Украіне хэйцяць Ціну Караль праз песню пра святло і цяпло. Яна запісала пакаяннае відэа
Украінская спявачка Ціна Караль сутыкнулася з рэзкай крытыкай з боку карыстальнікаў інтэрнэту праз песню пра адсутнасць электрычнасці, вады і цяпла ў дамах украінцаў. Артыстцы нават давялося публічна адказваць на абвінавачанні, піша УНІАН.
Ціна Караль. Фота: instagram.com/tina_karol
Нядаўна Ціна Караль апублікавала відэа, на якім яна выконвае песню са словамі пра тое, што нават без святла і цяпла ў людзей застаюцца дабрыня, адзінства і сям’я. Аднак на фоне цяжкай сітуацыі ў энергасістэме краіны многія ўспрынялі гэты трэк негатыўна.
У каментарах карыстальнікі абвінавачвалі спявачку ў недарэчнасці цяпер падобнай творчасці, адарванасці яе ад рэальнасці і нават пісалі, што такой песняй яна «пахавала кар’еру». Некаторыя ставілі пад сумнеў, для каго наогул гэта ўсё прызначана, сцвярджаючы, што такая песня цяпер выглядае як насміханне з людзей.
У адказ Ціна Караль напісала ў сваім тэлеграм-канале, што песня зусім не новая — ёй ужо каля двух гадоў, а выпусціў яе аўтар Даніла Гарадзецкі яшчэ вясной 2023 года. Спявачка патлумачыла, што яе мэтай было хаця б крыху падтрымаць людзей і «дадаць святла ў душы».
Відэа з прабачэннем яна апублікавала ў сацсетках.
Караль падкрэсліла, што зараз цяжка ўсім без выключэння — холадна, непрыемна і сумна. Паводле слоў спявачкі, галоўны сэнс песні — пра чалавечае цяпло і ўзаемную падтрымку. Ціна Караль таксама адзначыла, што сама карыстаецца генератарам, але аплачвае яго працу за ўласныя грошы, і, як і ўсе, змагаецца з крызісам.
Абвінавачанні ў тым, што песня нібыта была замоўлена ўладамі, яна назвала абсалютнай недарэчнасцю.
Чытайце таксама:
Найлепшыя беларускія трэкі за 2025 год? Вы будзеце ашаломленыя
Nevika спявае на беларускай мове, але часам яе песні збіраюць больш праслухоўванняў у Расіі
Ларыса Доліна так і не вызваліла кватэру, а чыліць з роднымі ў Эміратах