«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай
Выступаючы на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зноў заявіў, што разглядае Грэнландыю як аб’ект магчымай куплі. Па яго словах, «толькі ўласнасць можна сапраўды абараніць», таму менавіта ЗША, а не Еўропа ці НАТА, здольныя гарантаваць бяспеку вострава.
Дональд Трамп. Фота: AP Photo/Evan Vucci
Трамп заявіў, што не збіраецца выкарыстоўваць ваенную сілу і імкнецца да «неадкладных перамоў» аб куплі Грэнландыі, спасылаючыся на стратэгічныя інтарэсы Вашынгтона.
Звяртаючыся да генеральнага сакратара НАТА Марка Рутэ, ён адзначыў, што Вашынгтон, маўляў, «ніколі нічога не атрымліваў ад альянсу», акрамя выпадкаў, калі пагражаў празмернай сілай. Пры гэтым Трамп падкрэсліў: «Але гэтага я рабіць не буду. Гэта маё галоўнае абяцанне — я не прымяню гвалт».
«Усё, што ЗША просяць — месца пад назвай «Грэнландыя», якое ў нас ужо было, але якое мы аддалі Даніі пасля таго, як перамаглі немцаў, японцаў, італьянцаў і іншых у Другой сусветнай. Мы былі вельмі магутным войскам тады, але мы куды больш магутнае войска цяпер», — заявіў Трамп. Пасля ён сфармуляваў гэта яшчэ прасцей: «Я хачу толькі кавалак лёду».
Ён таксама раскрытыкаваў грэнландцаў за «няўдзячнасць», заявіўшы, што «для ЗША было дурнотай вяртаць Грэнландыю Даніі».
У канцы прамовы Трамп перайшоў да больш рашучых фармулёвак, пасылаючы саюзнікам па НАТА недвухсэнсоўны сігнал: «Вы можаце сказаць «так», і мы будзем вельмі ўдзячныя. Ці сказаць «не» — і мы гэта запомнім».
Прамова, якая доўжылася амаль паўгадзіны, не выклікала апладысментаў — зала рэагавала толькі рэдкім смехам пасля агаворак і рэзкіх заяў. Прэзідэнт таксама паскардзіўся на «нясправядлівае стаўленне» да ЗША ў НАТА, адзначыўшы, што Амерыка ўкладае ў альянс больш за ўсіх, але атрымлівае мала ўзамен.
Чытайце таксама:
Трамп у Давосе: Еўропа рухаецца не ў тым кірунку
«Бог вельмі ганарыцца працай, якую я зрабіў». Трамп вылецеў на Сусветны эканамічны форум у Давосе
Прэм'ер Канады: Стары сусветны парадак не вернецца, сярэднім дзяржавам трэба трымацца разам