Свет6969

Рудкоўскі тлумачыць, чаму Трамп мае рацыю наконт Грэнландыі

Заявы Дональда Трампа пра неабходнасць «атрымаць» Грэнландыю выклікалі рэзкую крытыку ў Еўропе і шырокай экспертнай супольнасці. Іх называюць небяспечнымі, імперскімі, такімі, што падрываюць міжнародны парадак і адзінства НАТА. Але палітолаг Пётра Рудкоўскі прапануе паглядзець на сітуацыю інакш. На яго думку, за грубай рыторыкай ЗША стаяць цалкам рэальныя пагрозы бяспецы, і ігнараваць іх значна небяспечней, чым абмяркоўваць.

Грэнландыя. Фота: freepik.com

Мы паразмаўлялі з ім пра тое, чаму, на яго думку, сцэнар аддзялення Грэнландыі ад Даніі амаль непазбежны, якую ролю ў гэтай гісторыі адыгрывае Кітай, чаму параўнанні з анексіяй Крыма тут недарэчныя і чаму пытанне Грэнландыі — гэта элемент бяспекі ўсяго заходняга свету.

Пётра Рудкоўскі. Скрын відэа ютуб-канала «Банк ідэй | Рэформы для Беларусі»

Незалежнасць Грэнландыі: не «ці», а «калі»

— У экспертным асяроддзі пануе думка, што прэтэнзіі Дональда Трампа на Грэнландыю пагражаюць сусветнаму парадку і сеюць хаос у НАТА. Чаму вы займаеце іншую пазіцыю? 

— Чаму займаю адрозную пазіцыю — бо не чытаю загалоўкі папулярных СМІ, затое чытаю экспертныя рапарты наконт крытычнай залежнасці Еўропы ад Кітая ў плане рэдказямельных металаў. Чытаю пра нечуваную дынаміку прысутнасці Кітая на Грэнландыі да 2017‑2018 года. Раблю высновы з недальнабачнасці ЕС, калі ён даў дабро на «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2», праз што і сябе паставіў у залежнасць ад Расіі, і ўзброіў Расію настолькі, што тая магла сабе дазволіць не баяцца Захаду і атакаваць Украіну.

Выпрабаванні для еўрапейскай бяспекі не скончыліся ў 2022 годзе, як не скончыліся ў 2014-м. Наперадзе яшчэ больш сур’ёзныя выпрабаванні. Нападзенне Кітая на Тайвань — гэта цалкам рэальны сцэнар. Нападзенне Расіі на краіны НАТА — гэта таксама імавернасць, да якой трэба сур’ёзна ставіцца. Грэнландыя пад эканамічным кантролем Кітая — гэта не адзіная, але адна з сур’ёзных пагрозаў для еўрапейскай бяспекі. 

— У фэйсбуку вы пісалі, што аддзяленне Грэнландыі ад Даніі — практычна непазбежны працэс. Якія фактары робяць атрыманне незалежнасці толькі пытаннем часу? І дзе, на вашу думку, праходзіць мяжа паміж легітымным волевыяўленнем народа і геапалітычным прымусам з боку вялікіх дзяржаў?

— Па-першае, пераважная большасць, якая сягае 85%, грэнландцаў, за адасабленне. Па-другое, няма ніводнай партыі на востраве, якая выступала б супраць [адасаблення]. Па-трэцяе, гэты трэнд — устойлівы, які трымаецца ўжо шмат гадоў. Тэарэтычна можна ўявіць, што шляхам масіраванай медыйнай кампаніі або агрэсіўнаму ўмяшанню звонку гэты працэс будзе адвернуты. Але калі казаць пра настроі саміх грэнландцаў, то яны яскрава пранезалежніцкія.

Якія фактары робяць атрыманне незалежнасці толькі пытаннем часу? Тут практычна адзіны фактар — эканамічны. Грэнландыя не мае гатовага адказу на пытанне, як выбудоўваць сваю эканоміку пасля адасаблення ад Даніі. 

Мяжа паміж «легітымным волевыяўленнем народа» і «геапалітычным прымусам» у гэтым канкрэтным выпадку цалкам добра вызначана ў Акце аб самавызначэнні: рэферэндум. Паколькі што Данія, што Грэнландыя — прававыя і дэмакратычныя краіны, не выпадае сумнявацца, што рэферэндум будзе сумленны. Гэта і будзе паказнік.

— Якую пазіцыю ў гэтым геапалітычным супрацьстаянні займаюць самі грэнландцы? Ці існуе ўнутраны кансэнсус наконт будучыні вострава — незалежнасці, партнёрства з ЗША ці іншых сцэнароў? 

— Наконт курсу на незалежнасць — бадай, так, ёсць кансэнсус. Наконт таго, калі і як гэта ажыццявіць — гэта адкрытае пытанне.

У грамадстве пануе такая пазіцыя: «Мы не хочам быць ні амерыканцамі, ні датчанамі, а хочам быць грэнландцамі». 

І гэта цалкам зразумела: дыскусія наконт будучыні ўсцяж трывае, і было б неразумным ужо цяпер падпісвацца пад нейкім канкрэтным сцэнаром, як, напрыклад, свабодная асацыяцыя з ЗША. Хаця б па той прычыне, каб захоўваць поле манеўру ў перамовах з ЗША. Адзначу толькі, што ідэя асацыяцыі з ЗША таксама разглядаецца, але неафіцыйна.

— У грамадскай дыскусіі праводзяцца паралелі з анексіяй Крыма і дзеяннямі Расіі ў 2014 годзе. У чым розніца паміж кейсамі Грэнландыі і Крыма з пункту гледжання міжнароднага права? 

— Важна ўсвядоміць каласальнае адрозненне. Грэнландыя — гэта краіна з міжнародна прызнаным правам на самавызначэнне, замацаваным адмысловым Актам з 2009 года, у якім сама Данія пацвердзіла гэтае права. На практыцы гэта азначае, што калі грэнландцы на рэферэндуме прагаласуюць «за» адасабленне ад Даніі і аб’явяць незалежнасць, то не парушаць ні міжнароднага права, ні Канстытуцыі Даніі.

У выпадку Крыма — зусім інакш. У яго не было міжнародна прызнанага права на самавызначэнне, не было аналага Акту з 2009 года. Нават калі б там быў праведзены празрыста-чысты рэферэндум і большасць прагаласавала за выхад са складу Украіны, то і так гэты крок быў бы нелегальны.

Калі ўжо хтось хоча гістарычную аналогію, то тут не Крым пасуе, а, напрыклад, Індыя ў 1950‑я. Канечне, працэдуры там былі іншыя, але прававыя моманты вельмі падобныя. 

Фота: ctrcenter.org

«Ціск Трампа — гэта, паверце, далёка не самае горшае, што можа здарыцца ў Еўропе»

— Да 2016‑2017 гадоў Грэнландыя актыўна шукала эканамічнага збліжэння з Кітаем. Напрыклад, у 2017‑м тагачасны грэнландскі прэм’ер Кім Кіельсен наведваў Пекін, разглядаючы кітайскія інвестыцыі ў інфраструктуру вострава. Чаму сёння такі курс успрымаецца як патэнцыйна небяспечны — для Еўропы і ЗША? 

— Кітайскія кампаніі прэтэндавалі на радовішчы Kvanefjeld і Isua. Гэта дало б Пекіну манаполію на 90-95% на сусветным рынку цяжкіх рэдказямельных металаў. Чаму гэта небяспечна? Без гэтых металаў немагчыма вырабляць сучасную зброю — ракеты, знішчальнікі F-35. Немагчыма таксама рэалізаваць ключавы іміджавы курс ЕС так званы «Зялёны курс» — электрамабілі, ветрагенератары. 

Але гэта яшчэ не ўсё. Усё ішло да таго, каб кітайцы як галоўныя інвестары займелі б кантроль над трыма грэнладскімі аэрапортамі. Што гэта азначала б? Аэрапорты — гэта аб’екты патэнцыйна падвойнага прызначэння. У выпадку канфлікту яны сталі б бліскучым падарункам расійскай або кітайскай вайсковай авіяцыі.

Гэта далёка не поўны спіс пагроз, якія стварала кітайская прысутнасць. Зацікаўленых адсылаю да экспертных дакладаў па тэме — іх лёгка знайсці ў сеціве.

Адзначу тут толькі дзве рэчы. Па-першае, гэта не зусім так, што Захад пабачыў небяспеку. Вялікая бяда ў тым, што Захад якраз не бачыў ніякай небяспекі. І толькі калі ў 2018 «адыёзны» Трамп прыгразіў анексіяй Грэнландыі, Захад прачнуўся. 

Па-другое, тое, што было зроблена пасля 2018 года — гэта павярхоўнае і часовае рашэнне, з непрыемнымі пабочнымі эфектамі. Кітай да гэтага часу цягае Грэнландыю па судах з патрабаваннем кампенсаваць страты сумай, якая амаль роўная чатыром гадавым ВУП вострава! Паколькі суд у Капенгагене, ён не задаволіў кітайскіх пазоўнікаў, але гэта кідае цень на Еўропу як прадказальную і прыязную для бізнэсу прававую прастору. Зусім інакш усё гэта выглядала б, калі б заходнія палітыкі падумалі пра ўсё гэта да таго, як грэнландцы заключылі здзелкі з Кітаем. Але тады пра гэта ніхто не думаў.

— Паглядзім шырэй: чаму пытанне Грэнландыі набывае значэнне для ўсёй заходняй сістэмы бяспекі? 

— З таго, што чытаў у экспертаў па бяспецы, то справа выглядае так. Грэнландыя з'яўляецца пачаткам надзвычай важнага марскога калідора паміж ёй, Ісландыяй і Вялікабрытаніяй. Гэта вузкае месца, праз якое расійскі паўночны флот павінен прайсці, каб трапіць у Атлантыку. Калі НАТА эфектыўна (менавіта эфектыўна) кантралюе Грэнландыю, то могуць «зачыніць дзверы» для расійскіх падводных лодак. Калі Грэнландыя трапляе пад уплыў Кітая, гэты корак знікае. Расійскія субмарыны атрымліваюць магчымасць бесперашкодна паляваць на амерыканскія караблі, якія, напрыклад, вязуць падмацаванне ў Еўропу ў выпадку вайны.

Так што захаванне Грэнландыі ў эканамічнай і вайсковай зоне Захаду — гэта не нейкі капрыз Трампа, а пытанне бяспекі ўсяго заходняга свету. Еўропе гэта патрэбна не ў меншай ступені, чым Штатам.

— Шэраг экспертаў падкрэсліваюць: публічныя заявы з боку ЗША выглядаюць як ціск. Ці не бачыце вы ў рыторыцы ЗША небяспечнага вяртання да логікі вялікіх дзяржаў, якія разглядаюць тэрыторыі як аб’екты, а не як суб’екты міжнароднай палітыкі?

— Публічныя заявы Трампа не выглядаюць як ціск, а з’яўляюцца ціскам, прычым брутальным і беспардонным ціскам. Такім жа брутальным і беспардонным быў ціск у 2018 годзе, пасля чаго была паралізавана экспансія Кітая на Грэнландыі. Хоць і тады, і цяпер шмат было ляманту і абурэння — як так можна! — я перакананы, што пасля лютага 2022 года шмат хто з цверазейшых еўрапейскіх палітыкаў прызнаў, наколькі карысным быў той ціск. Як тут уводзіць санкцыі, калі Еўропа адчувала б з Поўначы на сабе грознае дыханне саюзніка Крамля?

Той ціск, што аказвае Трамп, — гэта, паверце, далёка не самае горшае, што можа здарыцца з Еўропай.

Дональд Трамп. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images

— Дональд Трамп адкрыта заяўляў, што валоданне Грэнландыяй — «абсалютна неабходная ўмова» для нацыянальнай бяспекі ЗША і эканамічнай бяспекі Захаду. Востраў багаты на карысныя выкапні — рэдказямельныя металы, уран, нафту і газ, і ўсё гэта патрэбна ЗША. Ці можна лічыць падобныя аргументы абгрунтаванымі ў XXI стагоддзі, ці гэта хутчэй логіка рэсурснай палітыкі мінулых стагоддзяў? 

— Вось менавіта: мы мусім жыць у 21 стагоддзі, а не ў ілюзіі «канца гісторыі», характэрнай для 1990‑х і пачатку нулявых, калі Расія мусіла думаць, як тут не распасціся на 50 кавалкаў, а Кітай не мог нават блізка раўняцца эканамічнай сіле Захаду.

У 21 стагоддзі, у трэцяй і наступнай дэкадах сітуацыя кардынальна іншая. Расія, нягледзячы на ўсе эканамічныя і іміджавыя праблемы, застаецца магутным і агрэсіўным гульцом. Кітай — гэта эканамічны асілак, які імкліва забірае ў Заходняй Еўропы ўсе ранейшыя козыры, уключна з лідарствам у развіцці «зялёных» тэхналогій. У плане рэдказямельных металаў Еўропа зараз крытычна залежыць ад Кітая.

Час узнёслых слоў прайшоў. Калі Захад хоча выжыць як абшар дэмакратыі, правоў чалавека і дабрабыту, то павінен на поўным сур’ёзе паставіцца да пытання бяспекі — і мілітарнай і эканамічнай. Мне не падабаюцца намёкі Трампа на ваеннае ўмяшанне, але ясна адно: лепш ужо ваяўнічыя намёкі, чым паглыбленне залежнасці ад Кітая.

— Якую ролю імкнецца гуляць Еўрасаюз у пытанні Грэнландыі? Ці ёсць у Еўропы агульная стратэгія, каб умацаваць сувязі з Грэнландыяй і не дапусціць яе дрэйфу ў бок канкурэнтаў Захаду? 

— Доўгі час Брусель размаўляў з Нуукам праз Капенгаген. Але ў 2024 годзе ЕС адкрыў сваё афіцыйнае прадстаўніцтва непасрэдна ў Грэнландыі. ЗША адкрылі кансулат, наколькі памятаю, яшчэ пры першай адміністрацыі Трампа. Ёсць арктычная стратэгія ЕС, распрацаваная ў 2021. Пасля 2018 года нешта пачало рабіцца, але складана тут казаць пра ўсебаковую і доўгатэрміновую стратэгію.

— Ці не бачыце вы рызыкі, што гісторыя з Грэнландыяй можа стаць небяспечным прэцэдэнтам — калі вялікія дзяржавы пачнуць адкрыта «абмяркоўваць» будучыню тэрыторый без іх ініцыятывы?

— Калі хтосьці захоча нейкія прэцэдэнты, то ў нядаўняй гісторыі іх знойдзе мноства, прычым нашмат лепшых і больш красамоўных, чым амерыканска-грэнландскі. Бамбардазіроўка Сербіі, вайна ў Іраку, ваенныя інтэрвенцыі ў Лівіі або Сірыі — у якасці прэцэдэнтаў яны ў разы лепш пасуюць для расійскай ці кітайскай прапаганды, бо там былі тысячы смяротных ахвяр. Гэта нашмат лепшы матэрыял, чым нейкія там вербальныя пагрозы, якія многія ўспрымаюць як метад павышэння ставак. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары69

  • иксперт - он и в Африке иксперт
    20.01.2026
    Даже не читал. Может хватит фантазировать? Есть факты. Подтёрлись Будапештскими гарантиями и дают понять, что подотрутся остальными, ручкаются с путлером, режут помощь Украине, обнимются с диктатором лукашенко, похищают венесуэльского братушку, шлют нафиг европартнёров, клянчат нобелевскую премию и т.д. и т.п. Где хоть какая-то разумная последовательность? Это чисто наплевательство на законы и здравый смысл. По факту, шизоидная тирания она и в США шизоидная тирания.
  • Але метады
    20.01.2026
    Не маю нічога супраць жадання анэксаваць Грэнландыю, але ж на мой погляд гэта трэба было рабіць выключна мірнымі метадамі, подкупам насельніцтва і агітацыяй, і ні ў якім разе не пагрозамі ваеннага захопу.
  • Вольга
    20.01.2026
    Трампафэрштэеры - страшныя людзі.

Цяпер чытаюць

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў1

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў

Усе навіны →
Усе навіны

Здабыча нафты ў Расіі ўпала да мінімуму за апошнія 16 гадоў4

З'явіліся антуражныя ФОТЫ, як выглядае былая Валадарка не толькі звонку, але і знутры5

Белы дом уключыў у склад Рады міру замест Беларусі Бельгію26

«Магія па-за Хогвартсам». На «Лідскім піве» патлумачылі, чаму выяву майстра на бляшанках з півам друкуюць дагары нагамі5

Трамп у Давосе быў з заўважным сіняком на левай руцэ ФОТАФАКТ6

Мукавозчык нафантазіраваў свой дыялог па тэлефоне з Калеснікавай. Ніякай размовы, натуральна, не было19

Вікторыя Кульша, якую судзілі зноў і зноў пяць разоў: Калі на зямлі існуе пекла, то яно ў калоніі ў Зарэччы7

Зяленскі: Танней не даць Расіі вырабляць ракеты, чым ратаваць энергасістэму Украіны10

Лосік: Кадэбісты выбіваюць паказанні, імітуючы ўтапленне8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў1

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць