У Капылі з душой упрыгожылі дзіцячую бібліятэку. Выцінанкамі з Пушкіным, Лермантавым і Ясеніным ФОТАФАКТ
Для беларускіх пісьменнікаў у бібліятэцы імя беларускага паэта Анатоля Астрэйкі месца не знайшлося.
Вокны Капыльскай дзіцячай бібліятэкі ўпрыгожылі партрэтамі паэтаў і іх цытатамі. Стваральнікі экспазіцыі абралі для гэтага Аляксандра Пушкіна, Сяргея Ясеніна і Міхаіла Лермантава.
«На шкле — выцінанкі з партрэтамі рускіх класікаў. Кожны твар — нібы ажылая старонка гісторыі літаратуры. Колькі ж працы, цярпення і любові да культуры патрэбна, каб уручную выразаць такую прыгажосць! Гэта — сапраўдны зімовы паклон вялікім імёнам», — адзначае мясцовая раёнка.
Ніводнага беларускага творцы на вокнах бібліятэкі няма. Пры гэтым на тэрыторыі цяперашняга Капыльскага раёна нарадзіліся Цішка Гартны, Адам Бабарэка, Алесь Адамовіч, а таксама Анатоль Астрэйка — чыім іменем і названая раённая бібліятэка.
Загадчыцай дзіцячай бібліятэкі працуе Валянціна Камінская.